Напачатку лютага «Культпросвет» сустрэўся з гуртом Re1ikt — паразмаўлялі пра вечнае (канешне ж, пра музыку) і пра тое, дзе ў лютым можна паслухаць добрую музыку.
Пра гурт
Уладзімір Казлоў: Для мяне гісторыя гурта Re1ikt пачалася амаль дванаццаць год таму ў Светлагорску. Да стварэння Re1iktа мы былі знаёмыя з Сашам, таму што вучыліся ў адной школе і жылі праз дарогу, і вось мы, маладыя хлопцы, проста захацелі рабіць рок-музыку — і пайшло-паехала. Да пераезда ў сталіцу наш гурт можна было назваць вандруючым: некалькі год у Светлагорску, пасля пяць год у Гомеле, за якія мы шмат чаго зрабілі, але я лічу, што пачатак сапраўднай гісторыі Re1iktа звязаны з момантам, калі да нас далучыліся Віталь Макшун (гітара) і Зміцер Наркевіч (бас-гітара). Мы пераехалі ў Мінск і ўжо сем год плённа працуем, выступаем, пішам. Калі каротка, то так.
Аляксандр Дземідзенка: Зараз нам казаць пра сваю гісторыю даволі складана: пройдзены вельмі доўгі шлях і перажыты розныя перыяды, але тое, што мы ўжо атрымалі і працягваем атрымліваць шмат розных прэмій («Артыст года», «Рок-альбом» па версіі Experty.by, прэмія «Рок-профі», «Даём рады» ад Euroradio.fm і іншыя), дае магчымасць адчуваць патрэбу рабіць далей і яшчэ лепей. Навошта? Каб нейкі культурны фон нашай краіны пашыраўся і быў больш багатым. На сённяшні дзень Re1ikt — гэта музычны цуд Беларусі. Нягледзячы на ўсе ўмовы і акалічнасці, мы працягваем працаваць і зараз рыхтуем новы дыск.
Пра сябе
Зміцер Наркевіч: Як працую тэсціроўшчыкам — вельмі зручная для музыкі праца. Ёсць розныя інтарэсы, але ў прыярытэце ўдзел у гурце і ўсё, што звязана з ім. Мы можам сустракацца прыкладна разы тры на тыдзень па розных справах — рэпетыцыі, здымкі, запісы, але хацелася б, каб гэта ўвогуле было на сто адсоткаў.
Аляксандр: Я працую ў ІТ-сферы ў камандзе, якая распрацоўвае музычныя прыстасаванні для мабільных прылад, але самая вялікая цікавасць у жыцці — гэта, канешне, наш гурт, і менавіта дзякуючы яму я маю магчымасць развівацца ў розных накірунках: фота, відэа і дызайне.
Уладзімір: Што тычыцца мяне, у апошні час я займаюся толькі спевамі, выступаю на вяселлях, напрыклад. Гэта дадае досведу і вопыту, але і забірае некаторы адсотак энергіі. А яшчэ я не так даўно стаў бацькам, і ўвесь мой вольны час сыходзіць на тое, каб прывесці ў жыццё новага чалавека.
Музычны стыль
Аляксандр: Наш стыль — гэта сучасная рок-музыка, з ужываннем традыцыйнага складу інструментаў і акцэнтам на беларускі фальклор. Можна напісаць шмат словаў, каб распавесці, пра што яна, але я проста запрашаю прыйсці на наш канцэрт.
Я ўвогуле прапаноўваю людзям наведваць канцэрты жывой музыкі — толькі там можна пачуць сапраўдны класны гук, пабачыць сапраўдных людзей і жыццё, гэта больш важна. Чалавеку заўсёды трэба аднаўляць пачуцці, і, паколькі жывую музыку даволі цяжка падзяліць на нейкія інфармацыйныя адзінкі, кожны гук у ёй будзе ўнікальны і ніколі не паўторыцца — як мінімум гэты момант задаволіць інфармацыйную патрэбу чалавека.
Мы заўсёды пытаемся, ці патрэбная наша музыка людзям? Мы не хочам рабіць яе толькі для сябе, каб, паслухаўшы, людзі нічога не разумелі, але мы не хочам губляць таямнічасць і загадкавасць. Можна паглядзець статыстыку, даведацца, што робяць папулярныя выканаўцы, і зрабіць гэтак жа, але тады мы пяройдзем у іншую плоскаць — заробка грошай, таму мне цікава зарабляць у іншым месцы, а ў музыцы рэалізовываць сябе.
Пра фальклор
Аляксандр: Першыя спробы працы з народнай музыкай адбыліся прыкладна дзесяць год таму, у песні «Ой рана на Івана». Канешне, мы не думалі выкарыстоўваць выключна народныя песні і зусім не пісаць чагосьці аўтарскага, проста мы лічым, што гэта дазваляе задаволіць патрэбы беларускай аўдыторыі да культуры.
Песні для новага альбома нам дапамагае шукаць спадарыня Алёна Ляшкевіч, якая займаецца беларускім фальклорам і зараз з’яўляецца нашым кансультантам у гэтым пытанні, таму што мы не проста хочам заспяваць песню, а хочам ведаць, з якога яна рэгіёна, навошта яе спявалі, які сэнс у яе ўкладзены. Як мы спалучаем гэта з нашай музыкай — цяжкае пытанне, але яно неяк атрымліваецца.
Пра творчасць і мастака
Уладзімір: Галоўная справа мастака — быць шчырым да самаго сябе, заўжды запытвацца: «Навошта я гэта раблю? Каб атрымаць нейкі матэрыяльны рэзультат ці славу?» — і намагацца максімальна сумленна адказваць. Нават калі ты займаешся творчасцю дзеля грошай, гэта трэба рабіць добра і адказна.
Зміцер: На мой погляд, мастак павінен ведаць, што было да яго, рабіць, чаго не было, і каб тое, што ён робіць, не пакідала людзей абыякавымі, знаходзіла рэзананс сярод публікі.
Аляксандр: Акрамя відавочных адказаў, для сябе я вылучыў, што мастак у сэнсе «музы?ка» павінен рабіць музыку, якая будзе выклікаць у людзей пэўныя прыемныя эмоцыі. Калі браць на мікраўзроўні, я граю музыку, якая робіць мяне шчаслівым і свабодным, і хачу, каб людзі навокал адчувалі тое самае.
Пра талент
Зміцер: На маю думку, чалавек таленавіты ў тым, чым ён рэгулярна займаецца: калі ўвесь час вучыцца, практыкавацца, тады гэта будзе добра атрымоўвацца, а проста так нічога не бывае.
Аляксандр: Я ўвогуле не веру ў тое, што завецца «талентам», лічу гэта слова ўмоўным. Калі мы можам сказаць пра кагосьці «таленавіты чалавек», для мяне ён — адзін на мільён. Звычайна гэта проста людзі, якія больш-менш працуюць над нейкімі пытаннямі ці справамі, а талент, насамрэч, даволі проста тлумачыць дасягненні людзей, бо не цікава распавядаць, што гэты чалавек кожны вечар нешта рабіў, прасцей назваць яго таленавітым і пакінуць месца для розных думак наконт таго, што гэта за талант і як ён яго трымаў.
Прэзентацыя альбома «Дарогі» Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага
КЗ «Верхні горад» / 8.02.2018
Аляксандр: Гэты альбом мы с Сержуком хацелі запісаць сумесна, але з-за шчыльных графікаў зразумелі, што зрабіць гэта не атрымаецца. Таму я ведаю гэтыя песні, які ў іх патэнцыял з музычнай і паэтычный перспектывы. Гэта сапраўднае спалучэнне класікі і народных песен на вершы вядомых паэтаў. І я лічу, што гэта будзе ўнікальная прэзентацыя — не трэба губляць свой шанец яе пачуць. Тым больш гэта два вельмі таленавітых і выбітных артыста, і тое, што яны робяць на сцэне, не можа не захапляць. Таму, сябры, запрашаю!
Люты фэст
Re:Public / 10.02.2018
Уладзімір: Мы не можам пра яго не сказаць, таму што ў 2018 годзе гэта наш першы выступ у Мінску. Мы, як заўжды, зробім цудоўна, зайграем песні, якія, я спадзяюся, людзі чакаюць ад нас пачуць. Будзе класна!
Воплі Відаплясава
Prime Hall / 16.02.2018
Зміцер: Я раю наведаць канцэрт гэтага цудоўнага ўкраінскага гурта — на іх канцэртах заўсёды вельмі класная атмасфера і неверагодны кантакт з публікай: усё спяваюць, усе танчаць. Добрая нагода, каб крута правесці час з любімымі песнямі і музыкай.