Меню

Новости

П’еса «11 красавіка»

Лёха Чыканас: «Веру, што менавіта такім тонам апавядалі свае гісторыі героі падчас інтэрв’ю»

«Сегодня, в 14:45 станцию метро «Купаловская» временно закрыли для посадки и высадки пассажиров. На станции нашли бесхозную сумку. Из соображений безопасности была вызвана саперно-пиротехническая группа. Поезда по Автозаводской линии проходили станцию «Купаловская» без остановки. В бесхозной сумке были обнаружены личные вещи. В 15:46 станцию открыли для пассажиров».

(Сообщение от 14 апреля 2017)

Трагедыі часта адбываюцца нечакана. Як у кіно ці спектакле: раптоўнае здарэнне, рэзкі паварот сюжэта — і ты больш не мінак ці пасажыр, а герой трагедыі, які павінен неадкладна дзейнічаць. 

11 красавіка 2011 года адбыўся выбух у менскім метро. Паводле афіцыйных дадзеных у выніку выбуха загінулі 15 чалавек, 126 пацярпелі. Менавіта аб гэтых людзях стварылі дакументальную п’есу выпускнікі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts пад кіраўніцтвам рэжысёркі Валянціны Мароз. Яны сустракаліся з пацярпелымі падчас  тэракта, бралі ў іх інтерв’ю, разам з драматургам Канстанцінам Сцешыкам працавалі з сабраным матэрыялам. У аўторак, 11 красавіка, сцэнічнае чытанне п’есы «11 красавіка» адбылося ў Менску ў культурнай прасторы «ЦЭХ».

Трэба прызнаць майстэрства аўтараў п’есы: ужо праз пяць хвілін пасля пачатку чытання ты трапляеш на падарваную станцыю і разам з рэальнымі людзьмі, героями п’есы, праходзіш праз усе этапы трагедыі — выбух, жах, боль, доўгія гадзіны на аперцыйным стале,  посттраўматычную дэпрэсію і спробы вярнуцца да звычайнага жыцця. Сапраўднаму далучэнню спрыяе трапная інтанацыя аповеда: не безэмацыянальнае бубненне  і не залішняе «акторства». Веру, што менавіта такім тонам апавядалі свае гісторыі героі падчас інтэрв’ю. Дзякуй, Дар’я Герасіменка, Павал Андрэеў, Ірына Аверына, Уладзімір Андрыенка, Ганна Казакова, Наста Васілевіч за тое, што здолелі «разгаварыць» пацярпелых у тэракце і данесці іх гісторыі да гледачоў.

ECLAB_Metro

Знамянальна, што большасць герояў п’есы ўспрымаюць тое, што адбылося з імі, хутчэй як  няшчасны выпадак, а не нечую злую волю. Два чалавекі, перажыўшыя тэракт, прыйшлі на чытанне. І адзін з іх, Арцём Дзіўненка, казаў аб тым, што ў яго няма злосці і нянавісці, ёсць толькі жаданне псіхалагічна і фізічна аднавіцца.

Падчас абмеркавання пасля чытання казалі пра ўзаемадапамогу, пра  змены ва ўспрыяцці сябе і рэчаіснасці пасля трагедыі. Так, вядома, і гэта таксама.  Але для мяне «11 красавіка» гэта найперш гісторыя пра грамадства, ня здольнае ўберагчы сябе ад сур’ёзных пагроз таму,  што грамадзяне не гатовыя дзейнічаць і бараніць сябе самастойна, без спадзявання на дзяржаву.  Прайшло ўжо шэсць год з моманту тэракта, але, нажаль, тэма не страціла актуальнасць, а хутчэй наадварот. Трагедыя з нечаканай ператварылася ў чаканую. Дзе? Калі? З кім? Як будуць дзейнічаць героі?..

Top