Менавіта летам як ніколі хочацца яднацца з прыродай, танчыць і слухаць музыку. «Культпрасвет» запытаў у этнографа і музыкі Сяржука Доўгушава, дзе можна прыемна і прадуктыўна правесці свой вольны час, і разам з ім паразважаў наконт вечных пытанняў музыкі, мастацтва і творчых мар.
Займацца музыкай я пачаў у дзяцінстве, з пяці год стаў спяваць і амаль што кожным летам у вёсцы ладзіў канцэрты з сябрамі. Пасля вучыўся ў Магілёве, але зусім не па музыцы, і там таксама быў гурт, для якога я сам пісаў песні ў невядома якім стылі, мабыць, штосьці бліжэй да рока, бо тады дужа любілі слухаць гранж — Nirvana, The Doors, Led Zeppelin там і ўсё такое. Паступова захапленне перарасло ў сур’ёзнае навучанне ў акадэміі музыкі. У якасці спевака я спрабаваў сябе ў розных музычных творах, операх Манюшкі і Мусаргскага, а таксама сучасных беларускіх кампазітараў — Кузняцова, Падгайскай і іншых. Але ў нейкі момант мне гэта стала не цікава, і я пачаў развівацца ў іншым накірунку. Па-першае, стаў ствараць сваю музыку, а па-другое, зацікавіўся фальклорам.
Vuraj
Спачатку ў нас быў гурт Fratrez, і ўзнікла праграма, якая потым пераўтварылася ў першы альбом Vuraj. Са стварэннем Vuraj мы пачалі рабіць першыя эксперыменты з народнай песняй і прымалі ўдзел у экспедыцыях, але спачатку былі нават не песні, а музычныя замалёўкі, ці інструментальны тэатр, — своеасаблівая музыка для мысленнага ўяўлення. Тэксты я пісаў на аснове розных беларускіх міфалагічных вобразаў, былі больш-менш сур’ёзныя кампазіцыі, а былі і жартоўныя. І гэта нармалёва, калі да ўсяго ставішся сур’ёзна, то можа атрымацца занадта перадумана, часам неабходна падыходзіць да працы трошкі гуляючыся. Потым творчасць пачала развівацца ў іншым накірунку — фольк-рок. У нас выйшла новая праграма Rajok, і мы пачалі шмат выступаць і ездзіць на розныя фестывалі.
Назва гурта — гэта старажытнае палескае слова. Корань «ur» у перакладзе з балтыйскай славянскай мовы — «мора», «рай» — вельмі знакавыя словы ў міфалогіі беларусаў. «Рай», яшчэ ўжываюць «раёк» — гэта боства ці істота, у якую верылі продкі, бог ураджаю і дабрабыту. Напрыканцы лета людзі запрашалі яго да сябе ў хату ці сад, каб ён прыносіў шчасце. З іншага боку, «рай» можна тлумачыць як іншы свет, але мне здаецца, што больш дакладна для нас — гэта імкненне да шчасця.
Стыль і працэс стварэння музыкі
Мы не спрабуем занесці сябе ў нейкія канкрэтныя межы, у тым ліку і стылістычныя, проста робім як ідзе. Ёсць песня, мы яе адчуваем і канкрэтна так хочам яе данесці да слухача, для гэтага шукаем інструменты, гукі і г. д. Раней адштурхоўваліся ад зместу песні, а цяпер больш цікава сама мелодыя і музычны матэрыял.
Музыку ствараем толькі разам, у працэсе. Я ў асноўным збіраю разнастайны фальклорны матэрыял, потым тлумачу, пра што песня і якая яна можа быць, каб музыка была максімальна набліжана да яе асноўнай ідэі, і ўжо потым мы разам адбіраем цікавейшае і працуем. У нас існуюць розныя погляды, пазіцыі і зацікаўленасці, але ў выніку ствараецца нешта агульнае.
Інструментальны тэатр
Ёсць такі тэрмін, я дзесьці чуў ці чытаў, але ўжо не памятаю дзе. Займаліся мы гэтым на ранніх этапах творчасці, і хтосьці з крытыкаў нас так ахарактарызаваў, а можа мы самі сябе да гэтага аднеслі. У маім разуменні інструментальны тэатр — стварэнне музычных кампазіцый з гукаперайманнем за кошт музычных інструментаў, напрыклад, як дзверы адчыняюцца ці кукуе зязюлька. А чаму тэатр? Таму што, мне здаецца, гэта музыка можа прэтэндаваць на аўдыёспектакль, калі слухаеш і малюеш сабе нейкія карціны, уяўляеш сюжэты. С аднаго боку, мы нешта туды ўкладаем, а з другога боку, цікавей тое, што пры праслухоўванні бачаць слухачы.
Пра фальклор і стаўленне да яго
У савецкія часы фальклорную традыцыю высмейвалі, музыку дэманстравалі, як нешта калхознае, а абрады — як перажыткі старога часу. Але ўсё ж мы зразумелі, што гэта тое зерне, у якім крыецца наш гістарычны код, наша народнасць, і ў беларусаў зараз прачынацца да гэтага цікавасць. Дзесьці гэта падсвядома, таму што не заўсёды людзі падрыхтаваны да такой музыкі, але яна іх чапляе. Таму мой план — знаёміць слухачоў з сапраўдным фальклорам, не з боку свята горада ці дажынак, а з боку вельмі магічнага, сакральнага і кананічнага матэрыялу.
Мне складана вызначыць самы любімы абрад, бо кожны з іх па-свойму ўнікальны, і я ўсімі цікаўлюся. За час свайго навучання за мяжой я зразумеў сапраўдную каштоўнасць і непаўторнасць нашай народнай культуры і таксама неаднаразова чуў гэта ад палякаў. Таму што ў кожнай нашай вёсцы можна пачуць адметныя песні, якія спяваюць выключна там і больш нідзе.
Папулярнасць
У імкненні стаць папулярным ёсць верагоднасць спапсіцца. Калі ўсё рабіць выключна для гледача, можна хутка сапсаваць не толькі свой густ і стыль, але і стаўленне да музыкі ўвогуле.
У нашай краіне фольк-музыка пакуль не такая запатрабаваная як, напрыклад, у Польшчы. Там вельмі шмат маладых калектываў і гуртоў, якія на аснове фальклора ствараюць музыку, фактычна ва ўсіх школах ведаюць, як называюцца традыцыйныя музычныя інструменты, і гэта файна. Яны разумеюць, што гэта іх сапраўдныя карані, іх гісторыя, якая пераўтвараецца ў своеасаблівы брэнд. У нас таксама ёсць гэта разуменне, але пакуль не на такім узроўні. Таму трэба выводзіць традыцыйную музыку ў масы, не сапсаваць што ёсць, а папулярызаваць і распаўсюджваць. Казаць пра гэта паўсюль, выдаваць кнігі, дыскі, паказваць па тэлебачанні, але патрэбен чалавек, які добра разбіраецца ў гэтай тэме, таму што спяваць пад гармошку — гэта яшчэ не фальклор.
Праца ў філармоніі і адмена канцэртаў
У філармонію я трапіў па размеркаванню і працаваў там восем год. Выступаў з аркестрам як саліст, ствараў аўтарскія праграмы для дзяцей і юнацтва, якія папулярызавалі класіку, а таксама беларускую традыцыйную музыку, і раз на паўгода рабіў сольныя канцэрты. У апошнія гады займаўся там выключна фальклорам, знаёміў слухачоў з беларускімі народнымі песнямі і традыцыйнымі музычнымі інструментамі. Але ўсё ж такі гэта было і застаецца сістэмай, і галоўнае ў ёй не гэта, а план. Напрыклад, трэба абавязкова зрабіць шэсць канцэртаў, а якія яны будуць, не так важна. Калі я туды праслухоўваўся, то спяваў даволі сур’ёзную музыку — Баха, Моцарта, а ўжо на наступным канцэрце ў дзіцячым садку выконваў песню «Пра коціка», дзе дзеці сядзелі на гаршках. (Смяецца.) Вось і ўся творчасць.
Як пракаментаваць адмены? Беларуская бяспечнасць. Дзесьці ў youtube можна знайсці, што Сяржук Доўгушаў спяваў пад ня тымі сцягамі, але я шмат дзе выступаў і не лічу, напрыклад, бела-чырвона-белы сцяг нечым агідным. Па-першае, ён з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, але пры гэтым у сваёй творчасці я хачу і імкнуся быць па-за палітыкай. І ўвогуле лічу, што для мастацтва межаў быць не павінна.
Пра мастака, творчы крызіс і мары
Па-першае, для мастака галоўнае — гэта не згубіць сябе. Па-другое — быць правадніком свайго таленту і шчыра несці тое, чым цябе ўзнагародзіла прырода. Спецыяльна пра місію мастака я не думаю, але заўсёды адчуваю падчас імпрэзаў ці выступаў, што кантакт са слухачамі ёсць, і ён мне патрэбен, бо я гэтым жыву.
Стомленасць узнікае, калі прыстасоўваешся да працы, музыкі і ўвогуле да жыцця. У такія моманты мяне ратуюць падарожжы ці адпачынак на прыродзе. Але даволі часта атрымліваецца, што гастролі праходзяць у іншых краінах, і тады становіцца магчымым усё гэта сумясціць.
Канешне, мары ёсць, пачынаючы ад розных матэрыяльных, напрыклад, купіць сабе яшчэ адну ліру ці дудку да выступаў на прэстыжных канцэртах і фестывалях. Але галоўнае пры ўсім гэтым — ніколі не страчваць свой пасыл, энергію і таксама жаданне пісаць музыку, каб стварыць нейкую колькасць музычных помнікаў. Вось чаго хочацца.
Фестываль «Наш дзень»
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту / 30 чэрвеня
«Наш дзень» арганізуе файная каманда, з добрым досведам, і прыемна, што лайн-ап гэтага рок-фэста складаюць толькі беларускія рок-гурты. Ды і само месца — Строчыцы — па-свойму касмічнае.
Фестываль Atlas Weekend
Кіеў / 3—7 ліпеня
Atlas — адзін з буйнейшых фестываляў Украіны, а магчыма і ўсіх нашых суседніх краін. Каля дзесяці сцэн, выступоўцы з усяго свету, зручная лакацыя і добры саўнд. Кожны тут можа знайсці сцэну і музыкаў на свой густ і стыль. У мінулым годзе мы былі там і выступалі з Vuraj на этна сцэне «Краіна мрій».