Меню

Новости

Vostraû

Віртуальны мастацкі альманах

У наш час для стварэння ўласнага часопіса ці альманаха не патрэбна анічога, акрамя шчырага жадання, гатоўнасці працаваць, упэўненасці і крэатыву. Менавіта такімі якасцямі валодаюць Антось Сівых і Наста Маркевіч — навучэнцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Антось і Наста ў канцы 2017 года распачалі свой праект — віртуальны мастацкі альманах Vostraŭ, які ўжо зараз, па нашых падліках, яднае больш за 30 маладых паэтаў, пісьменнікаў, фатографаў і мастакоў. На апошніх старонках першага нумара альманаха размешчаны наступныя словы: «На што можна спадзявацца, пакідаючы vostraŭ? Можна спадзявацца на вяртанне». Дык што гэта за востраў? І чаму ён прываблівае маладых аўтараў?

Зусім нядаўна ў сацсетках Facebook і «УКантакце» з’явіўся ўжо другі нумар віртуальнага альманаха Vostraŭ, стваральнікамі якога вы з’яўляецеся. Як узнікла ідэя стварыць вэб-альманах?

Антось: У адзін момант мы зразумелі: нельга спадзявацца на тое, што людзям раптам спатрэбіцца беларускае маладое мастацтва, таму паставілі мэту аб’яднаць крутых творцаў найноўшай генерацыі і стварыць тое, што ніхто не рабіў да нас, — незалежную і даступную пляцоўку, на якой можна сабраць у гарманічнае цэлае тэкст і візуал.

Наста і Антось на прэзентацыi альманаха. Фота: Вікторыя Кірыльцава

У Vostraŭ знайсці платформу для творчасці могуць, апроч паэтаў і пісьменнікаў, яшчэ мастакі і фатографы. Чым тлумачыцца такая шматпланавасць?

Наста: Справа ў тым, што паэзія, фатаграфія і малюнак — гэта толькі формы, якія маюць свае абмежаванні і прадстаўляюць пэўныя магчымасці. Нам стала цікава: а што адбудзецца, калі скампанаваць гэтыя формы? Да таго ж востраўцамі ўзнімаюцца і розныя тэмы — ад кахання да праблемы свабоды. Шматпланавасць дае магчымасць аўтарам выказацца і пры гэтым быць пачутымі, а нам — паэксперыментаваць з выглядам альманаха.

А.: Шматпланавасць тлумачыцца тым, што як графічныя творы, так і тэкставыя трэба чымсьці разбаўляць. Наш альманах — сэндвіч, створаны з разнастайных інгрэдыентаў.

У альманаху для кожнага літаратурнага твора падабрана ілюстрацыя. Ці наадварот? Як вы знаходзіце сувязь паміж візуальным артам і тэкставым?

Н.: Спачатку збіраюцца ўсе работы, якія мы можам знайсці і якія нам прапануюць, і толькі потым мы глядзім, як лепей іх скампанаваць паміж сабой. Таму малюнкі і фотаздымкі часцей за ўсё не ілюстрацыі, а проста падыходзячыя па настроі творы. Хаця былі выпадкі, калі мастакі спецыяльна для нашага альманаха ілюстравалі пэўныя работы. Часам аўтары выступаюць адначасова і ў ролі майстра слова, і ў ролі візуала. Як бачыце, для Vostraŭ важны розныя падыходы.

Як узнікла назва альманаха? І як правільна яе пісаць — лацінкай або кірыліцай?

А.: Vostraŭ быў прыдуманы шляхам брэйнстормінгу, і зараз кожны вызначае яго сэнс самастойна. Тым самым мы ілюструем нашу свабоду ў творчасці.

Н.: У Антося, дарэчы, быў спіс назваў, які ён збіраў для іншага праекта. І Vostraŭ быў сярод іх. Нам адразу ўявілася такое месца, куды час ад часу могуць прыплываць маладыя творцы, каб рэалізоўвацца і натхняцца. Так званы творчы санаторый са спрыяльнымі для маладых аўтараў умовамі. Адпачатку назва альманаха была задумана лацінкай, бо нам падаецца гэта эстэтычным, тым болей лацінка прываблівае ўвагу і з’яўляецца нечым адметным — фішкай, але мы не супраць і кірылічнага напісання. Нібы найменне і скарочаная яго версія.

У першым нумары альманаха былі такія словы: «Мы ствараем прастору для інтэгравання маладых творцаў ЕГУ». Наколькі нам вядома, матэрыялы дасылаюць як студэнты ЕГУ, так і навучэнцы іншых устаноў. Ці значыць гэта, што Vostraŭ ператварыўся ў прастору для інтэгравання маладых творцаў увогуле?

А.: Першы выпуск быў дастаткова эсперыментальным ды лакальным, таму адпачатку мы сапраўды збіралі творы толькі ва ўніверсітэце, дзе вучымся самі. У хуткім часе стала зразумела, што наш праект зацікавіў людзей з розных мясцін. Тады мы і перасталі звязваць альманах з ЕГУ, тым болей што зараз больш за палову аўтараў не «егушнікі». Безумоўна, сувязі з першага нумара застаюцца, але мы больш ніяк не абмежаваны ў выбары аўтараў і збіраем творчасць адусюль і для ўсіх.

Н.: Мы вырашылі, што шлях на Vostraŭ павінен быць адкрыты для шырэйшага кола творцаў, бо адкрытасць спрыяе развіццю. Людзі не баяцца распавядаць пра сябе, пра тое, што яны ствараюць. Яны дзеляцца творчасцю, бачаць работы іншых пачаткоўцаў — мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, абменьваюцца вопытам. Нам хочацца, каб альманах быў прасторай, дзе творцы могуць камунікаваць. Чым лягчэй дзяліцца ўласнымі ідэямі і думкамі, чым лягчэй інтэгравацца, тым лягчэй разам ствараць новае.

Можаце назваць 3 словы, з якімі асацыюеце альманах?

Н.: Маладосць. Творчасць. Эксперыментальнасць. Раней мы жартам называлі сябе правакацыйнымі.

А.: Творчасць. Свабода. Эстэтыка.

Што такое свабода ў Vostraŭ? Гэта свабода слова, свабода фармату?

А.: У дадзеным выпадку свабода не канкрэтнае паняцце, а, хутчэй, шырокае і абстрактнае. Кожны востраўскі аўтар інтэрпрэтуе яе па-свойму, нават мы самі, «дыктатурарэдактуры» (менавіта так завецца наша рэдакцыйная пара ў асобе мяне і Насты, але на самой справе рэдактары з нас, на здзіўленне, вельмі дэмакратычныя). Для прыкладу, мая свабода заўсёды эстэтычна і нагадвае бязмежжа, як Сонечная сістэма, межы якой не вызначаны дакладна нікім.

Фота: Усцiн Мiтровiч

Якім чынам у вас з’яўляецца матэрыял для нумара?

А.: Яшчэ ў самым пачатку мы публікавалі ў сацыяльных сетках Гугл-форму, якую і запаўнялі ўсе ахвочыя дзяліцца творчасцю. Атрымаўшы асноўны масіў прац, мы зразумелі, чаго нестае, і ў выніку асабіста шукалі крутых аўтараў і па знаёмых, і па такіх літаратурных пляцоўках і аб’яднаннях, як «Арт-Сядзіба» і «Эшафот». Вядома, што альманах збольшага трымаецца на нас з Настай, але нас гэта не палохае: Vostraŭ чытаюць, ім дзеляцца, а значыць, наш праект жыве.

У двух нумарах мы знайшлі тэксты ажно на трох мовах беларускай, рускай і англійскай. Бязмежнасць падаецца адным з лейтматываў вашага альманаха. Якія яшчэ ідэі і тэмы з’яўляюцца так званымі кітамі ў Vostraŭ?

А.: Шчыра, не ведаю. Усе кіты знаходзяцца па-за нашым востравам.

Н.: З самага пачатку мы прытрымліваліся адкрытасці, але гэта таксама можна лічыць часткай бязмежнасці. Калі казаць пра кітоў, варта адзначыць, што мы шмат увагі надаем эстэтычнасці ўсяго, што робім. Не пішам, напрыклад, вялікія літары, хоць гэта толькі часткова эстэтыка, а яшчэ часткова пратэст, часткова падкрэсленая нефармальнасць, часткова імідж. Мы востраў у моры паўсядзённасці, у якім маладая беларуская творчасць сустракаецца, прынамсі, не ў такой канцэнтрацыі, у якой бы хацелася.

Што чакае вас у будучыні?

Н.: Дакладна будзем працягваць выдаваць альманах, але ў бліжэйшы час нашай галоўнай задачай стане распаўсюд яго другога нумара і YouTube-канала. Акрамя таго, зараз рыхтуем уласны стыкерпак для востраўскіх чытачоў. Былі размовы і пра друк, але пакуль мы застаемся анлайн. Да таго ж у хуткім часе хацім распачаць новы праект, у цэнтры якога — сямейныя гісторыі. А астатняе пакуль пакінем у сакрэце.

Top