Меню

Новости

Enjoy Sweden!

Швецыя ў Мінску: кіно і выстава

Памятаеце, мы анансавалі фотаконкурс у межах тыдня Швецыі? Тым часам ён набліжаецца: з 29 траўня па 2 чэрвеня ў кінатэатры «Піянер» пройдзе фэст шведскага кіно і выстава, прысвечаная культуры самі ведаеце якой краіны.

Кіно

shwedskoe_kino_660

29 траўня а 18:30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестываля і выставы з удзелам пасла Швецыі Марціна Оберга, а таксама паказ мастацкага фільма культавага шведскага рэжысёра Лукаса Мудысана «Мы лепшыя!» (2013).

Стакгольм, 1982 год. Фільм пра трох дзяўчат-падлеткаў, якія ад няма чаго рабіць бадзяюцца па вуліцах. Яны адначасова смелыя і задзірлівыя, моцныя і слабыя, дзівакаватыя і разгубленыя. Не маючы ўласных інструментаў, дзяўчаты ствараюць панк-гурт, нягледзячы на тое, што ўсе наўкола крычаць, што панк мёртвы.

30 траўня а 19:00 вас запрашаюць на дакументальную стужку Крысціны Ліндстром «Астрыд» (2015).

«Піпі Доўгаяпанчоха», «Эміль з Лёнэберга», «Карлсан-з-даху». Кнігі Астрыд Ліндгрэн прадаюцца 150-мільённым накладам, а сама яна ўваходзіць у дзясятку самых чытаных аўтараў свету. Але кім была Астрыд  і адкуль пачынаюцца яе гісторыі? 

31 траўня а 19:00 будуць дэманстравацца кароткаметражныя шведскія фільмы:

  • «Жывёлы, якіх я забіў мінулым летам» (2012)
  • «Кветкі Бенжаміна» (2012)
  • «Танцуй пад музыку цяпер» (2012)
  • «Грыбок» (2010)
  • «Вялікая паўночная гара» (2015)
  • «Кіскі “руляць» (2013)
  • «Мёртванароджаны» (2014)
  • «Вось гэтак цяпер» (2012)
  • «Распрані мяне» (2013).

1 чэрвеня а 19:00 паказ фільма Джона О. Ульсана «Дзівосы Віскана» (2015).

Б’ярнэ і Малін жывуць на беразе ракі Юнган і разам кіруюць фірмай па перавозках. Справы ідуць не вельмі добра, і ім трэба пазычыць грошы ў банку. Каб уратаваць фірму, Малін вырашае паехаць на іншы бераг да цесця і пераканаць яго стаць гарантам пазыкі. Пра гэта рашэнне ей давядзецца потым моцна пашкадаваць.

2 чэрвеня а 19.00 Фестываль шведскага кіно завершыцца мастацкай стужкай Лізы Лангсэт «Гатэль» (2013).

Эрыка мае ўсё: добрую працу, шмат сяброў і надзейныя стасункі. Пакуль усё гэта раптоўна не разбураецца. Яна пачынае наведваць тэрапеўтычную групу, у якой збіраюцца людзі з рознымі душэўнымі траўмамі. Яны пачынаюць разам шукаць магчымасць ажыццявіць “перазагрузку”…

Фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі. Уваход вольны, бясплатныя квіткі можна атрымаць у касе кінатэатра з 12:00 у дзень паказу.

Выстава

shwedskoe_kino_660

Разам з кінафестывалем 29 траўня ў фае кінатэатра «Піянер» адкрыецца шведская фотавыстава «#enjoysweden» («Атрымай асалоду ад Швецыі!»), якая будзе працаваць да 11 чэрвеня.

#enjoysweden — гэта шведскі краўдсорсінгавы фотапраект, рэалізаваны праз сацыяльную сетку Instagram у 2013 годзе. Цягам года звычайныя людзі выкладвалі свае ўлюбёныя фотаздымкі з хэштэгам  #enjoysweden. Ініцыятарамі праекта выступілі два браты са Швецыі — Альбін і Оскар Понерт. У іх не было вызначаных правілаў удзелу: кожны мог па-свойму даследаваць гэту тэму. Пасля таго, як было апублікавана 60 000 фотаздымкаў, прафесійнае журы вылучыла 240 лепшых, з якіх потым стварылі фотакнігу. Журы шукала цікавыя, незвычайныя, дзівакаватыя, цудоўныя, асабістыя інста-моманты, якія маглі б распавесці пра Швецыю.

Top