Меню

Новости

Дзмітрый Дзядок

«Я доўга лічыў, што кіно — гэта забава»

Дзесяць год таму ён быў невядомым студэнтам Пражскага эканамічнага ўніверсітэта. А сёння яго ведаюць як рэжысёра, удзельніка кінафестываляў «Артдокфэст» і «Лістапад-2017». Дзмітрый Дзядок — пра шкоду рацыяналізму, унутраны пошук і падвальны рэквізіт.

Я доўга лічыў, што кіно — гэта забава, але калі ўбачыў «Дзіця» Жан-П’ера і Люка Дардэнаў, то зразумеў, што дзякуючы кіно можна разважаць і рэфлексаваць. Мне было гадоў васямнаццаць.

1

Я пакінуў эканамічны ўніверсітэт у Празе пасля першага курса — было відавочна, што ў жыцці не грошы я хачу лічыць. Вярнуўся ў Мінск. Доўгі час сапраўды здавалася, што рацыяналізм перашкаджае мне адчуваць. Але потым я зразумеў, што ўсё не так. Аднойчы мы, маладыя беларускія рэжысёры, паехалі ў Кракаў. Я жыў у адным пакоі з Мікітам Лаўрэцкім. Тады і ўбачыў, як яго рацыянальнае мысленне дапамагае яго пачуццям. І я падумаў: «У мяне ж падобная прырода!» І ўвогуле на тым мерапрыемстве ад усіх рэжысёраў я навучыўся нечаму асабліваму і важнаму (сустрэчу арганізаваў Януш Гаўрылюк, за што яму асобная падзяка). Так, неяк паступова я перастаў заглушаць свой рацыяналізм. Калі ты не адмаўляешся ад уласнай прыроды, то яна можа ў многім табе паслужыць.

2

Калі я хачу больш глыбока зразумець мастацкі твор, безумоўна, не апошняе месца займае асоба аўтара. Калі аўтарскае адчуванне вечнасці сугучна з маім, мне цікава бліжэй пазнаць творцу. Калісьці мне трапілася кніга пра Ван Гога — тады яна мяне моцна натхніла. Але ўсё ж, на мой погляд, мастацкі твор павінен быць самадастатковым. Твор нясе толькі настрой, не болей. З гэтым настроем майстра праходзіць праз усё жыццё і выражае яго праз розныя схаваныя формы. Мне б хацелася, каб глядач стараўся больш адчуваць, а не разважаць.

3

Падчас працы не хацелася б прымушаць людзей штосьці рабіць. Не хацелася б мірыцца з тым, што чалавек хлусіць мне альбо сабе, быццам бы дзеля мяне. Хочацца, каб заўсёды было натхненне. Напэўна, толькі з такімі ўмовамі я б пачаў штосьці рабіць. Не думаю, што мы павінны паказаць нейкі вынік на працягу жыцця — адносіны важней. А творчасць — гэта і ёсць адносіны. Калі так — змяняецца стаўка на вынік, адбываецца падмена каштоўнасцей.

4

У мяне ёсць падвал, і не адзін — мне суседзі яшчэ некалькі аддалі. Там ёсць каштоўныя рэчы, шмат каштоўных рэчаў! А наогул, рэчы для здымак шукалі паўсюль — нават па памыйніцах. Убачыш што-небудзь цікавае — усё сабе. Але зараз я ўсё-такі пакінуў збіраць гэты хлам. Пераключыўся на ўнутраны пошук, а не на знешнюю арганізацыю.

5

Мяне вельмі натхняе восень. Вельмі. Нейкім нават містычным чынам. Тры маіх стужкі здымаліся восенню. Аднак, як спяваў Віктар Цой: «Восень — гэта проста прыгожая клетка, але ў ёй я ўжо, здаецца, быў». З радасцю хацелася б адзначыць, што мой погляд на свет пашыраецца, і я бачу добрае ў іншых порах года. Напрыклад, гэтая зіма такая… цягучая. Падштурхвае на ўнутраны пошук.

6

У маіх працах шмат дарог, цягнікоў, вакзалаў… Так атрымалася, што я шмат падарожнічаў. Не тое, каб я моцна да гэтага імкнуўся, проста так сталася. Гэта, хутчэй, мае несвядомыя метафары. Але ведаеце, усё, што я рабіў, — гэта далёка не тое, чым бы я хацеў займацца. І фільмам «Сумленны погляд» я проста ўсё спыніў. Зараз пачынаецца зусім іншае. Спадзяюся, што не расчарую вас.

Top