«У творах Адама Міцкевіча мяне асабіста прыцягвае тое, што яго паэзія — найвышэйшага гатунку. Нават Пушкін, з якім Міцкевіч сябраваў, захапляўся тым, як гэты паэт мог імпразаваць дзве-тры гадзіны вершамі на любую тэму. Сам Міцкевіч казаў, што гэта на яго падае, «як вада з неба», і ён з гэтым нічога не можа рабіць.
У гэтым годзе ў Мінску ўзніклі дзве пастаноўкі — «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Яны вельмі розныя і па сцэнічнай версіі, і па сцэнічнай мове, і па падыходзе. «Пан Тадэвуш» — больш рэалістычная гісторыя, «Дзяды» — міфічная.Мне пашчасціла працаваць у абодвух спектаклях, атрымалася выканаць у гэтых пастаноўках дзве дыяметральна супрацьлеглыя ролі. Густаў Конрад у «Дзядах» — змагар, рамантычны герой на межах існавання, які пакутуе за лёс айчыны і з-за няшчаснага кахання. Граф у спектаклі «Пан Тадэвуш» — герой характарны — вельмі манерны, гламурны. Ён прыехаў з-за мяжы, размаўляе з польскім акцэнтам.
Адной са звышзадач у гэтай ролі было паказаць, што ўсё ж такі можа не трэба часам засвойваць чужую культуру, забываючы аб сваёй. Крыўдна, калі некаторым людзям здаецца, што там дзесьці, на іншых землях, усё выдатна, добра, рамантычна, існуе высокая культура, адукацыя, а тут усе шэрае, сялянскае і г. д. У паэме «Пан Тадэвуш» ёсць рамантызм таго часу, апавядаецца аб гістарычных падзеях, якія звязаны з тым кавалкам зямлі, тэрыторыяй, якая была тут — гэта вельмі кранае. Мы павінны ведаць, што наша гісторыя пачалася больш, чым сто гадоў таму. Літоўцы лічаць Адама Міцкевіча літоўцам, палякі — палякам. Мы ж — ці літоўцам, ці палякам… Хацелася б, каб і беларусы лічылі Адама Міцкевіча сваім паэтам».