Меню

Новости

Андрэй Саўчанка

Ёсць пытанні да гледачоў, што пляскаюць у ладкі стоячы

Андрэй пачаў размаўляць на мове ў сталым узросце, чым і натхняе рэдакцыю «Культпросвет». Кожны дзень паглыбляецца ў гісторыю традыцыйных рыс беларусаў. А ў апошні час узяўся аналізаваць становішча мовы і адносіны беларусаў да яе, аб чым яго праект «Бі-Лінгвы» – удзельнік дадатковай праграмы прэстыжнага конкурса «Золотая маска+». Побач з ім заўседы паэтычная атмасфера. Распавеў пра юнацтва, як ускочыў у прафесію, быццам у апошні вагон, а ў выніку сплавіўся ў марах па Свіслачы.

Пасля школы навучаўся ў аўтамеханічным тэхнікуме па спецыяльнасці «Станкі з праграмным кіраваннем», потым перайшоў у Беларускую палітэхнічную акадэмію. На адной з лекцый нам распавядалі пра ротар – і ў той момант я дакладна адчуў, што не магу гэтым займацца. Я і раней больш у баскетбол гуляў, чым вучыўся, але бачыў побач натхнёных прафесіяй хлопцаў і зайзросціў ім.

У той час у Мінску працаваў кінаклуб «Два трохкутнікі». Сяргей Фіненка калісьці яго праводзіў у Альтэрнатыўным тэатры на Крапоткіна. Нейкім чынам мяне туды занесла, і я пачаў глядзець кіно. Альтэрнатыўны тэатр, дарэчы, быў цікавай з’явай. Праўда, гэтым раней не цікавіўся. Увогуле было ўсё чужым для мяне, ужо потым дазнаўся. Не ведаю, што зараз у гэтым будынку, можа, банк ці якая амбасада. Калісьці там былі Вітаўтас Грыгалюнас, Гена Фамін, Толя Голуб, распрацоўваліся цікавыя праекты. Мяне туды занесла праз кіно. Глядзеў Таранціна, Феліні, Гадара… У кінаклубе паказвалі класіку андэграўнда. Тады я і адчуў, што хачу мець дачыненне да гэтага.

wjan2012tm-2-3

Даведаўся, што ў Беларусі не вучаць кіно зусім. На адной лекцыі пачуў пра Акадэмію мастацтваў і пайшоў туды наўгад: сустрэў Лідзію Аляксееўну Манакову, яна і паведаміла, што трэба для паступлення. Дзесьці праз два тыдні я прыйшоў акурат на кансультацыю. Мяне першага выклікалі, абраў Пушкіна – і гэта быў мой каронны нумар: у парыве пачуццяў я ўпаў на калені, чытаючы верш. Гэта, хутчэй за ўсё і падкупіла выкладчыкаў.

Перад паступленнем нам, студэнтам, далі на два тыдні аўдыторыю, мы рыхтавалі заданні. Па сутнасці, гэта быў мой першы тэатральны вопыт. Дарэчы, эцюды я нярэдка прыдумляў у тралейбусах.

Пад час навучання, шчыра кажучы, я доўга адчуваў, што нічога не магу. Працаваў, як звар’яцелы, але адмятаў усё, бо быў незадаволены якасцю. Ужо калі я сканчваў трэці курс, пачалі з’яўляцца кампазіцыі па сцэнічнай мове. Адна – па Брэдберы, другая – па «Папраўцы-22» Хелера. Дарэчы, мару паставіць гэты спектакль з 1998 года. І пастаўлю! (Смяецца.)

У прафесію прывялі мяне тры чалавекі: Ілля Львовіч Курган, які навучыў сумленнай працы і папросту выхаваў мяне, Лідзія Аляксееўна Манакова, якая ўвогуле стала маёй тэатральнай хроснай матуляй, і Сяргей Мікалаевіч Тарасюк, які ў нас насамрэч верыў.

veter-sauchanka

Пасля атрымання дыплома на пасаду рэжысёра ў Тэатр юнага гледача мяне паклікаў Андрэй Фёдаравіч Андросік. Мы з ім змагаліся. Спачатку я дапамог зрабіць яму «Палачанку». Дагэтуль лічу, што гэта адзін з культавых, несправядліва забытых спектакляў. Уласная ж мая пастаноўка – казка «Бочка мядочка» – правалілася. Гэта быў добры вопыт. Акцёры мне не давяралі, тыя, на каго рабіў стаўку, падвялі. У выніку самому прыходзілася граць ледзь не ўсе ролі! Аднак пасля зрабіў для сябе важныя высновы. Па-першае, не бяры матэрыял, які не кранае. Па-другое, давярай, але правярай. Дарэчы, зараз менавіта правалу мне і не хапае, які б даў нейкі штуршок. Ёсць адчуванне: што ні зрабі – усё прымуць. Я чакаў правалу монаперфоманса «Сад», думаў: ну ўсе, не атрымалася. (Смяецца.) Сам разумею, што пастаноўку гэту трэба дапрацоўваць, неабходна рухацца наперад.

Калі супрацоўнічаў з Тэатрам юнага гледача, быў некалькі месяцаў рэжысёрам на радыё «Бі-Эй». У абавязках – стварэнне рэкламных ролікаў, новага канцэпту ці рэалізацыя гатовага: фарміраванне агульнага вобразу, пошук акцёраў, агучка і г.д. Я гэтую справу не надта любіў, але было цікава. Потым шэсць гадоў тэлебачання: мяне паклікаў Андрэй Грабёнкін у кампанію «Фіт». Спачатку я вёў перадачу «Тэлевітамін» з Аляксандрам Бранкевічам, праз некалькі гадоў працаваў рэжысёрам, а потом з’явіліся нейкія аўтарскія праекты.

Пасля Тэатра юнага гледача мяне запрасілі выкладаць у Акадэміі мастацтваў. Менавіта тады ў мяне заклалася асноўная база ўласных ведаў. Нездарма Бернард Шоў пісаў: «Калі хочаш навучыцца чаму-небудзь, пачні выкладаць».

У 2005 годзе з Алегам Сідорчыкам (ён зараз працуе акцёрам у Лондане) і Дзімам Есяневічам стварылі праект «Эмігранты». Рэпетавалі з задавальненнем, спектакль потым дэманстраваўся на малай сцене Купалаўскага тэатра. На гэты паказ нейкім чынам трапілі Аляксандр Прышчэпаў і Уладзімір Піскуновіч, якія прапанавалі мне працаваць разам. І пачаўся шасцігадовы перыяд «TEATRKOMPANIA», куды ўвайшлі праекты «Гэтыя вольныя матылькі», «Эмігранты», «Аркестр» і іншыя. Разам камандай мы працавалі без фінансавання і былі шчаслівыя. Аднак з-за адміністрацыйных прычын праект прыйшлося замарозіць.

img_1425

Потым вырашылі сфакусавацца на больш лакальных праектах, не замахвацца на вялікі тэатр. Сёння працуем па-новаму: матэрыялы іншыя, у пастаноўках перайшлі на беларускую мову. Працэс пераасэнсавання прайшоў, цяпер усё зразумела. Зараз гэта тэатральны праект Андрэя Саўчанкі, але, мяркую, этап пакуль прамежкавы. Ёсць назва, канцэпт, які афармляецца. Калі ўбачу, што каманда склалася, паспрабуем заявіць новае тэатральнае імя.

Распачаць сваю справу падштурхнуў чатырнаццацігадовы вопыт выкладання у Акадэміі мастацтваў. Я адкрыў прыватныя курсы, на якіх прапаную людзям праграмы па навучанню акцёрскаму майстэрству, публічным выступам і развіццю камунікацый. Прапаведую культ асобы, індывідуальнасці і камунікатыўнасці. Ёсць яшчэ дзіцячая праграма-вандроўка, якая мне больш за ўсё падабаецца. Мы сустракаемся з маленькімі вучнямі, пачынаем слухаць цішыню, гуляць па тэатры, уяўляем сабе, што мы зоркі ў космасе. Сярод маіх выхаванцаў ёсць хуліганы, якія не слухаюцца (гэта самыя класныя дзеці), мы называем іх чорнымі дырамі, яны ўсіх з’ядаюць. (Смяецца.) Групы невялічкія, усё арганічна развіваецца, я не хачу перайсці ў вал: тады адразу згубіцца унікальнасць перадачы ведаў.

Адносіны да свабоды, рабства і евангельскай пакорнасці

Зразумела, кожнае грамадства жыве па сваіх законах. Для мяне свабода звязаная перш за ўсё з асабістым адчуваннем сябе, гармоніі з прыродай, людзьмі і сусветам, які ты сам ствараеш.

Рабства – цікавая тэма. Па сутнасці, я сябе рабом адчуваю. І гістарычна так склалася, што мы жывем з пастаянным жаданнем вырвацца. Нам падаецца, што, пакінуўшы краіну (ці першапачаткова сям’ю), мы штосьці набываем. Паездзіў я па Еўропе. І там сапраўды ўзнікае адчуванне іншай ступені свабоды паводзін, самавыражэння.

Асабістая свабода – гэта ўнутранае гета. У некаторым сэнсе я зайздрошчу жывёлам. Але ўсё больш дастаецца і ім. Зойдзешь у «Карону», пабачыш гэтых карпаў у акварыуме… Ну якая гэта свабода? У любы момант цябе могуць схапіць. Можа, мурашы больш свабодныя?

За ўсё трэба плаціць.

img_2264

Амбіцыі і асалода быць у працэсе

Амбіцыі ў маёй прафесіі не апошняя рэч. Без іх цяжка адчуць напрамак і ўвогуле стварыць штосьці. Самарэалізацыя не мэта для мяне. У гэтым пытанні я больш прыслухоўваюся да самураяў: яны служаць таму, у што вераць. Я нейдзе паміж задумкай і вынікам. Сусвет і ўмовы патрабуюць выніку, але самае салодкае – працэс. Для мяне больш важныя праца з людзьмі, кантакт, адкрыццё сябе і новых асобаў, стварэнне магчымасці датыкнуцца да нейкіх матэрыялаў. Глыбіня гэтых дазнанняў бязмежная, але мне не хочацца згубіцца ў ёй.

Творчы чалавек – люстэрка. Як сусвет уздзейнічае на яго, так ён адказвае на гэта сваімі намаганнямі. Я ўпэўнены, што вобразы жывуць не ўнутры нас – яны нейкім чынам да нас далятаюць. Я хутчэй праваднік, чым нейкая важная істота.

Трэба разумець, каму, чаму і навошта ты служыш, і адпавядаць. Не баяцца рабіць нешта новае, нечаканае, першапачаткова незразумелае. Не баяцца ўвесь час быць у жывым працэсе. Свет мяняецца, і трэба мяняцца разам з ім, рэагаваць так, як ніхто іншы. У гэтым твая каштоўнасць. Тады ёсць верагоднасць, што людзі, якім не хапае асабістага шляху і зменаў, праз цябе ўсё гэта адчуюць. Мне цікава дапамагаць чалавеку шукаць свой шлях. Адказнасць ёсць, безумоўна. Адчуваешь яе кожную хвіліну.

Я веру, што ў кожным з нас жыве гісторыя – нашы продкі, карані. Праўда, гэта ўсё затасканае, схванае. Адзінае выйсце – твой асабісты выбар і пошук. Ніхто не пакажа, не раскажа, што ёсць праўда. Яе ты павінен шукаць сам, абапіраючыся на тых, у кім упэўнены. Я веру ў лёс. Ён выкідвае цябе на нейкія берагі, выспы, якія табе трэба прайсці праз выпрабаванні.

У рамках культуры няма нічога дрэннага. Калі яны ўзнікаюць, з’яўляецца прастора за імі. Далей – твая дарога. Але ты павінен разумець, што ён не адзіны. Любая творчая прафесія не шлях паўтору. Як толькі яго заўважаеш за сабой, ведай: ты ідзеш чужымі сцежкамі. Рамкі даюць рамяство, базавы набор інструментаў. Па-за імі пачынаецца мастак, і ён ужо стварае уласныя рамкі, ці разбурае вядомыя. Файна, калі ён разумее, дзеля чаго гэта робіць, і нясе адказнасць.

Калі я вучыўся, выкладчыкі былі падобныя да багоў. Мне пашанцавала. Я навучаўся у людзей, якім хапае вопыту, інтэлекту, гумару, тонкасці не пастуляваць свой шлях як адзіны і правільны.

Сваю дарогу без думак, памылак і жадання скокнуць вышэй за планку не знойдзеш. Важны нават не сам шлях, а тое, як ты па ім ідзеш. Выбар яго і рух – унікальны вопыт.

Мяне цікавяць людзі, якія думаюць, маюць за сваімі меркаваннямі нейкія грунты. Гэта цяжка. Мы не ўмеем, нас не вучылі. Калі думкі не ў кантэксце нейкіх правілаў, сыплюцца гузы. Тады трэба думаць, як думаць. Як выражаць і падаваць свае меркаванні. А ў беларусаў часцей так: са ўсім пагаджаюся, а думаю па-свойму.

____1074

Мае бацькі выхавалі семярых дзяцей, я старэйшы. У нейкі момант бацька падказаў, па якой дарозе пайсці, і мне спабрэбілася 5 гадоў, каб зразумець, што гэта не маё. Тата быў творчым чалавекам, граў на кантрабасе, але закінуў справу і пайшоў працаваць кінамеханікам. Часам я адчуваю, што рэалізоўваю тое, што не змог ён.

Час, калі хацелася ўсё кінуць, я перарос. Цяпер у мяне ёсць аддушына – паходы, вандроўкі. Існуе невялікая каманда сяброў, з якімі падарожнічаем па Беларусі і не толькі. Вось мае таварышы мастакі аднойчы вырашылі плыць на лодцы па Свіслачы ад парка Горкага і далей. Ёсць месцы вельмі вузкія, дзікія, а здараецца, што рака раздаецца на сто метраў ушыркі. Мы без фанатызму, для нас не кіламетры важныя, а сама дыстанцыя. Ёсць моманты, калі напружваемся і плывем, каб паспець: адзіны цягнік нас вывезе адтуль. Але абавязкова робім прыпынак, адпачываем на прыродзе, запальваем вогнішча. Гэта цэлы рытуал. А за мяжой мая фішка – аўтастоп. Вось з жонкай Францыю, Аўстрыю аб’ездзілі. Я нават напісаў артыкул па метадалогіі аўтастопу.

Сярод апошніх захапленняў – хутар, дзе жыў дзед. Мы знайшлі хатку там і хочам выкупіць яе, каб вярнуцца на радзіму.

Калі казаць пра літаратуру, зараз мяне цікавяць беларускія аўтары, што пішуць на гістарычную тэматыку. Вось чытаю кнігу пра слуцкія паясы. З задавальненнем часцяком перачытваю Чэхава. Герман Гесэ падабаецца інтэлектам, тонкасцю і гумарам, прыемна адчуваць тканіну апавядання аўтара, яго ментальнае пустэльніцтва. Ён не навязваецца, ты планіруеш разам з ім, адразу шмат думак узнікае паралельна. Праўда, ніколі не бачыў яго ў тэатры. Цаню аўтараў, якія не захопліваюць у сэнсе «пастаў мяне ў тэатры». У гэтым плане з Гесэ я адпачываю.

Top