Меню

Новости

Вальжына Морт

«Паэтычныя словы вісяць у маўчанні, каб мы маглі зразумець, што яны значаць»

Вальжына Морт прэзентавала ў Менску новы зборнік вершаў «Эпідэмія ружаў». Для тых, хто не паспеў трапіць на сустрэчы ў траўні ды чэрвені, у нас ёсць добрая навіна: яна абяцала вярнуцца! Чакаем паэтку з восеньскай лекцыяй пра тое, чаму проза можа павучыцца ў паэзіі. Адначасова адбудзецца семінар для маладых паэтаў, дзе Вальжына будзе гаварыць пра іх вершы і паэзію наогул.

А пакуль далучаемся да гутаркі Вальжыны Морт з паэткай Юляй Цімафеевай, што адбылася ў музеі Петруся Броўкі. Хто вынайшаў метафару, ці існуе верш у арыгінале, адкуль у ім памылкі і чаму ён расчароўвае свайго творцу? Чытаем афарыстычныя тэзы і натхняемся.

Паэзія — гэта вельмі дакладная навука. У паэзіі ёсць прадмет — чалавек. І як біялогія альбо анатомія, літаратура нас таксама вучыць нечаму пра чалавека. Напрыклад, таму, што чалавек злы, смешны, непрадказальны. У вершы пра дрэва альбо шаўковую хустачку чалавек усё роўна прысутнічае, калі выяўляе лірычнае стаўленне да рэчаў. Напрыклад, у Эліяса Канеці чалавек — самая глупая з усіх жывёлаў. Зусім іншае пісаў Кірыла Тураўскі ў адной са сваіх малітваў: «Дзякуй табе, Госпадзе, Божа мой, што словам і розумам узнёс вышэй за жывёлаў і зрабіў мяне гаспадаром над усімі істотамі!» Сучасны мысляр так не напіша. Усё, што ў сучасным чалавеку ёсць добрага, ад звяроў — ад кітоў, ільвоў, птушак.

Метафарычнае мысленне чалавека першабытнае. Неандэрталец узяў дрэва і камень, дзве зусім розныя рэчы, і вырашыў, што гэта будзе адной рэччу, малатком альбо сякерай. Паэт робіць тое ж самае, калі вынаходзіць новыя метафары. Метафара — гэта прылада для разумення свету, а гэта значыць чалавека. У вершы два элементы метафары існуюць як адно цэлае і адначасова паасобку, і паміж імі адбываюцца хімічныя рэакцыі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Параўнанне слабейшае за метафару. Гэта нейкае прабачэнне, калі трэба напісаць «нібы» альбо «як» (але не заўседы).

Форма — гэта радасць. Мы прыходзім у свет вялізны, хаатычны, бессэнсоўны. Прыходзім з чэрава, з асэнсаваннем формы, з патрэбай у пячоры. Мы маем вялікую патрэбу фармалізаваць сусвет. І паэзія як раз трыумф формы.

Мы кажам страфа, але ангельскае літаратуразнаўства выкарыстоўвае італьянскае слова stanza (па-беларуску, у крыху іншым значэнні, стансы), то бок пакой. Страфа — гэта пакой, і верш — гэта кватэра. Хата, пячора, прастора, якую мы будуем. У вершы мы рухаемся са страфы ў страфу, з пакоя ў пакой, абыходзім увесь дом, які пабудаваў паэт. Вельмі важна, як аўтар нам пакажа гэты дом. Мы пачнем на кухні або ў зале? А доўгі тут калідор ці не? Калі нам пакажуць прыбіральню і ці будзем мы глядзець у вакно? Мы рухаемся, пакуль паэт раскрывае сусвет верша.

Англамоўная традыцыя вельмі добра распрацавала тэрміналогію для размовы пра фармальныя аспекты вершу. Па-ангельску ёсць трапнае слова line break, то бок разлом, паўза, падзел, разрыў. Line break, stanza break можна перакласці як разлом радку, разлом страфы — гэта самыя важныя месцы ў вершы, дзе мы зварочваем, збочваем.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Само слова верш значыць паварот (verse, versus), і мы ніколі не ведаем, што там за паваротам. Гэта заўсёды дзіва — і рух ад дзіва да дзіва.

У прозе мы падзяляем тэкст на сегменты сказамі. Сказамі мы размаўляем. Сказ для нас натуральны сегмент. А ў паэзіі сказ мусіць лічыцца з патрабаваннямі радку, што значыць з падзелам не сінтаксічным, часам нават нелагічным. І гэты разлом — напружанасць паміж радком і сказам, словам і маўчаннем — дазваляе пераасэнсаваць і пашырыць значэнне словаў на новым узроўні. Паэтычныя словы вісяць у маўчанні, каб мы маглі зразумець, што гэтыя словы значаць.

Часам уся глыбіня верша схаваная нават не ў словах, а ў маўчанні паміж двума страфамі.

Паэзія любіць цікавы сінтаксіс, нелагічны. Чытаючы верш, мы правальваемся ў разломы між радкамі і нават між асобнымі словамі. У вершы кожнае слова ўжо дзея. Яно не хоча нас адаслаць да нечага, яно хоча здарыцца.

Для мяне адчуванне формы ў паэзіі ідзе з музыкі. У сімфоніі адна частка хуткая, наступная павольная, потым танец — новы тэмп, тэмбр, танальнасць. Верш рухаецца па такой музычнай логіцы.

Паэзія — рух словаў у часе. Паэт кантралюе дыханне чытача. Паэт кажа: «Забудзцеся пра хвіліны, мы адмяраем час подыхамі, націскнымі складамі, і я навучу вас зараз, як трэба дыхаць тут у мяне, у маім вершы, у маім доме».

Беларуская мова вельмі зямная. У словы «зямля» ажно два «я». І гучанне гэтага «я» нас апускае спачатку ў чарназём, а потым і ў магму. Адзін ліфт, а потым яшчэ адзін. Ці вось радок: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі» — назоўнікі тут гучаць так, быццамі рэчы самі сябе назвалі. Ці мае любімае аднаскладовае слова — жах. Мне здаецца, што Кароль Лір у Шэкспіра, які кажа «Never, never, never», на Беларусі казаў бы «Жах, жах, жах».

А ў Харольда Блума есць кніга «Жах уплыву». Аднак я наадварот бачу вялікую радасць уплыву ў тым, што нехта стагоддзямі ўжо падрыхтаваў для мяне мову і форму, якою я магу карыстацца. Уплыў самых вялікіх паэтаў не адчуваеш. На яго нельга тыкнуць пальцам у вершы. Уплыў заўседы ёсць, таму трэба ўважліва выбіраць, што чытаць.

Паэзія, як чалавечае цела, нагадвае нам пра нашую смяротнасць. Калі я чытаю верш, мне важна яго прапускаць праз цела, бо калі я яго пішу, адчуваю, што пішу яго ўсім целам, а не толькі трыма пальцамі.

Паэзія абяцае трансцэндэнцыю. Яна магчымасць ці немагчымасць дакрануцца да нечага нечалавечага, што асобна ад нас існуе. Кожны верш — гэта версія, чарнавік, пераклад верша, якога не існуе ў арыгінале, жаданне немагчымага.

Верш часта расчароўвае таго, хто яго напісаў. Верш у галаве лепшы за верш на паперы, бо ў момант паэзіі адчуваеш ілюзію, што ты ў адным кроку, у адным дотыку ад звышчалавечага, у адным слове ад разумення вялікай таямніцы сусвету. Але ў выніку кожнае слова — падман, і кожны верш — з памылкамі.

Паэзія існуе на мяжы неперакладальнага. Паэзія адначасова магчымая і немагчымая.

Top