Меню

Новости

Незнаёмая Амерыка

Фестываль амерыканскага дакументальнага кіно

Где:

Когда: 18:30

Ці Сі Джонстаўн, аўтар фільма «Падлеткавая прэса», які адкрывае фестываль, а таксама Джон Рэйс, вядомы рэжысёр і прадзюсер, прадставяць фільмы фестываля і адкажуць на пытанні гледачоў пасля сеансаў.

Размовы з амерыканскімі кінематаграфістамі, а таксама прадэманстраваныя ў фільмах гісторыі дадуць магчымасць беларускаму гледачу бліжэй пазнаёміцца са Злучанымі Штатамі Амерыкі і лепш зразумець гэтую краіну.

Ці Сі Джонстаўн
Ці Сі Джонстаўн – рэжысёр і прадзюсер дакументальных фільмаў, уладальнік шматлікіх узнагарод. Ён з’яўляецца прадзюсерам і рэжысёрам мноства дакументальных, а таксама мастацкіх фільмаў, у тым ліку фільма «Рост з попелу» («Rising From Ashes»), выканаўчым прадзюсерам якога выступіў лаўрэат прэміі Оскар Форэст Уітакер. Фільм быў паказаны ў кінатэатрах па ўсім свеце і стаў пераможцам 19 кінафестываляў, прывёў да стварэння фонду «Rising From Ashes Foundation», які спрыяе падтрыманню міру ў Афрыцы. У цяперашні час Ці Сі Джонстаўн сумесна з лаўрэатам прэміі Оскар Дэвідам Сайдлерам працуе над сцэнарам мастацкай адаптацыі фільма «Рост з попелу». Ці Сі Джонстаўн таксама з’яўляецца заснавальнікам фонду «Gratis 7 Media Group Foundation», які выпускае фільмы, закліканыя садзейнічаць сацыяльным, адукацыйным і дабрачынным мэтам.

Джон Рэйс
Джон Рэйс – прызнаны крытыкамі кінематаграфіст, уключаны часопісам Daily Variety у лік «дзесяці лічбавых рэжысёраў, працы якіх варта паглядзець». Вопыт стварэння ўласнага дакументальнага фільма «Бомба» («Bomb It») натхніў яго на напісанне кнігі «Think Outside the Box Office» («Думайце па-за межамі касы»), якая з’яўляецца першым пакрокавым дапаможнікам па маркетынгавым прасоўванні фільмаў.Джон Рэйс мае вопыт супрацоўніцтва з такімі кінакампаніямі як Paramount Pictures, Screen Australia, Film Independent, Creative Scotland, South Australia Film Corporation, а таксама з мноствам кінашкол і кінафестываляў. Ён кіруе лабараторыяй кінапракату і маркетынгу ў IFP Filmmaker Labs, а таксама з’яўляецца выкладчыкам Праграмы рэжысёрскага майстэрства ў Каліфарнійскім інстытуце мастацтваў.

Фільмы дэманструюцца на англійскай мове з беларускімі субтытрамі.

Уваход вольны. Квіткі можна атрымаць у дзень паказу з 12:00 у фае кінатэатра.

Праграма фестывалю

3 красавіка, 18:30 

Падлеткавая прэса / Teen Press

Рэжысёр: Ці Сі Джонстаўн
Працягласць: 30 хвілін

«Падлеткавая прэса» – кароткі дакументальны фільм пра праграму для маладых журналістаў горада Санта-Барбара. Сем гадоў таму два прадбачлівыя настаўнікі пачалі праграму, каб расказаць дзецям пра такія неабходныя для журналістаў якасці, як характар і лідэрства. Па ўнікальнай іроніі лёсу дзеці неўзабаве самі апынуліся ў цэнтры падзей, праводзячы інтэрв’ю з некаторымі з самых запатрабаваных знакамітасцей і сусветных лідэраў.

Фермер з Брукліна / Brooklyn Farmer

Рэжысёры: Майкл Тыбурскі, Бен Нейбарс
Працягласць: 27 хвілін

«Фермер з Брукліна» даследуе ўнікальныя праблемы, з якімі сутыкаецца група гарадскіх фермераў, што імкнуцца кіраваць камерцыйна жыццяздольнай фермай у межах Нью-Ёрку. Каманда паступова стварае найбуйнейшую ферму, якая знаходзіцца на дахах аднаго з самых вялікіх гарадоў свету.

4 красавіка, 18:30

Стартап новага пакалення / Generation Startup

Рэжысёры: Сінція Уэйд, Черыл Мілер Хаўзер
Працягласць: 94 хвіліны

«Стартап новага пакалення» – гэта мастацка-дакументальны фільм, які адлюстроўвае барацьбу і трыумф супрацоўнікаў ініцыятывы Venture for America, якая пачынае новы стартап у Дэтройце. Фільм здымаўся на працягу 15 месяцаў і на прыкладзе герояў паказвае аднаўленне прадпрымальніцтва, інавацый і эканамічнага развіцця ў Дэтройце.

5 красавіка, 18:30

Горад Голда / City of Gold

Рэжысёр: Лаура Габерт
Працягласць: 96 хвілін

Галоўны герой гэтага фільма – Джонатан Голд, рэстаранны крытык газеты Лос-Анджэлес Таймс, лаўрэат прэміі Пулітцера, галоўнай журналісцкай узнагароды ЗША. Гарачы фанат сваёй справы і свайго горада, Голд вядзе гледачоў на экскурсію па Лос-Анджэлесе і яго шматлікіх рэстаранах, каб на іх прыкладзе паказаць, як развіццё гарадской рэстараннай культуры ўплывае на ўзаемаадносіны жыхароў і горада.

6 красавіка, 18:30

Як танцаваць у Агая / How to Dance in Ohio

Рэжысёр: Аляксандра Шыва
Працягласць: 89 хвілін

Першы пацалунак, першы танец. Гэтыя чароўныя і рамантычныя абрады прысвячаюць амерыканскую моладзь у дарослае жыццё. Для дзяцей з усіх слаёў грамадства гэтыя першыя крокі на шляху да блізкасці з’яўляюцца адначасова захапляльнымі і палохаючымі. Для некаторых падлеткаў і маладых людзей з аутызмам гэты пераход можа быць шакуючым. У Каламбусе, штат Агая, група маладых людей з асаблівасцямі развіцця рыхтуецца да знакавай падзеі – вясновага бала. На працягу дванаццаці тыдняў яны працуюць над сваімі сацыяльнымі навыкамі, рыхтуючыся да ўдзелу ў мясцовай дыскатэцы. Разам з псіхолагам яны крок за крокам выкрываюць свае страхі і сацыяльную трывожнасць, абіраючы пару, сукенкі, і, у рэшце рэшт, караля і каралеву выпускнога. Фільм «Як танцаваць у Агая» – гісторыя аб універсальных чалавечых патрэбах у росце, узаемадзеянні і сацыяльнай прыналежнасці.

7 красавіка, 18:30

Гонка на выміранне / Racing Extinction

Прадзюсер: Джына Папабайс
Рэжысёр: Луі Псіхояс
Працягласць: 94 хвіліны

Група энергічных і неабыякавых актывістаў паставіла перад сабой мэту праліць святло на дзве асноўныя пагрозы жывой прыродзе на Зямлі. Першая зыходзіць ад міжнароднага гандлю жывёламі і раслінамі, а таксама ад разнастайных ілжэлекаў і касметычных сродкаў, якія вырабляюцца на шкоду фаўне і потым прадаюцца, ставячы пад пагрозу існаванне цэлых відаў жывых істот, якія насяляюць нашу планету мільёны гадоў. Другая — скрытыя выкіды вуглякіслага газу, смяротныя для жывых арганізмаў. Акрамя таго, у фільме паказаны ашаламляльныя кадры, якія мяняюць светапогляд. Фільм зняты лаўрэатам прэміі Оскар Луі Псіхоясам.

 

Незнаемая Амерыка

Top