Народная артыстка Беларусі, акторка РТБД. 77 год. Мінск
Я нарадзілася ў вёсцы: гэта такое святло, вера ва ўсё…
Жылі-выжывалі. Само жыццё ўсяму вучыла.
Бацька ў вайну загінуў. Маці пабудавала пасля хату. Злажылі печ, што пахла глінай… Як першы раз у ёй запалілі, мама сказала: «Дзеці, станавіцеся ліцом да коміна бацьку зваць». Я была маленькая – мяне ставілі на зэдлік, і ўсе крычалі: «Тата, ідзі дадому, мы цябе чакаем!».
У нас было вялікае стада парсюкоў. У вяскоўцаў па аднаму, па два – а ў нас ажно трынаццаць! Я іх, як кароў, ганяла на селіцу пасвіць… Сумная справа: усё лета дзеці гулялі, у ягады хадзілі, а я кожны дзень ганяла свіней на селіцу пасвіць. І я, каб было весялей, садзілася на свінню, і яна мяне везла. Маладыя заўсёды кусалі за калені, ну а старыя пакорліва неслі. Дагэтуль, як прыязджаю ў вёску, знаёмыя жартуюць: «Ну, пракаціся на свінні!»
Зямля – цуд, які ты прымаеш як ёсць, амаль не заўважаючы. Ты саджаеш нешта, вяртаешся – о, вырасла! Адным словам, цуд.
Любіла кнігі, што зачытвалася, а свінні беглі і рылі чужую бульбу. Прыходзілі жанчыны і казалі: «Што ж гэта робіцца? Ва ўсіх адно лета». Думаю, нешта не тое: не сварацца, не крычаць, скажуць «ва ўсіх адно лета», і пайшлі. Тады мама шукае вяроўку, каб адлупцаваць мяне…а я ёй дапамагаю. І гэтае адчуванне віны, што мае свінні парылі чужую бульбу, глыбока забілася ў маю сутнасць. Толькі тата дапамог мне гэта неяк выкарчаваць. Як нешта здараецца, у мяне ёсць прымаўка: «Ну вось, Тома, зноў твае свінні парылі чужую бульбу».
У нашых песнях столькі філасофіі, мукі, жыцця, радасці, мудрасці… Памятаю, як мы прыехалі ў Бельгію ад Таварыства дружбы с замежнымі краінамі. Нас прывялі да студэнтаў, а яны пытаюцца пра Беларусь. Я адказваю: «Давайце, лепш заспяваю…» Пасля маёй калыханкі ўсе пачалі спяваць і свае родныя. Тады ўзнікла ідэя пазбіраць сусветныя прыклады, колькі магчыма. Спявалі б людзі калыханкі па ўсім свеце і не біліся між сабою…
Адныя праблемы, таму я такая і вясёлая. Безумоўна, часам пакутую. Яшчэ як! Бывае да адчаю. Але ж не будзеш вешаць на іншых свае мукі? Не маеш права. Дзякуй Богу, што і гора мінае, і радасць: жыццё зменлівае.
На святочныя дні ў вёсцы ніхто не пісаў сцэнарыі, самі ўсё. Напрыклад, на вяселлі маладому ці свату – не памятаю – прывязвалі два бурачкі і моркаўку адну. Жарт такі. Мы ў Францыі рэпетавалі беларускае вяселле, француз быў сватам, я сваццяй. І мне паведамляюць: «Выбачайце, мы не знайшлі моркву, купілі кабачок», – а я: «Ну і нармальна, падыходзіць».
Каб мне далі машыну часу, я б хацела трапіць у мінулае. Мне цікава ведаць, які дзед быў, прадзед…
Не ведаю, што і адкуль… Але хацела б убачыць гэта, бо адчуваю, што ў ва мне «нешта» ёсць. Якім ёсць жыццё без яго? Выпіў, паеў… Я рада і ўдзячна Мазынскаму, які першы прапанаваў: «Таня, заспявай песню, як маці. Ты ж умееш». І вось мы граем «Сымона Музыку» Якуба Коласа, і пайшлі тэксты: «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў…» Раптам я запела, і гэта так сутыкнулася, так хораша адно з другім сышлося!
Я вельмі ўдзячная выкладчыку тэатральнага мастацтва, які так шмат мне перадаў ведаў! Ад яго ішла нейкая цеплыня… Памятаю, назваў мяне, як калісьці бацька, Танюнькай. Я проста расплылася. У кожным перыядзе жыцця сустракаліся такія людзі. Калі б не, як бы жылося?
Я не губляюся ў чужых характарах. Наадварот, яны мне дапамагаюць, неяк кучкуюць. Знаходзіш у сабе струнку, якая адпавядае гэтаму вобразу.
Кожная роля – гэта нейкае адкрыццё і пошук падтрымкі ў людзей, гэта размова з людзьмі і пастаўленнае пытанне да людзей.
Я не заўсёды згодлівая – усё бывае ў акцёрскім асяроддзі. Цяпер ужо і ўзрост, сілы ўжо не тыя, ды і мазгі іншыя. Радуе, што тэатр у нас, як адна сям’я. Яшчэ моладзь прыйшла добрая. Такія адкрытыя, старанныя. Глядзіш часам: о, як зрабіў цудоўна, я б так не зрабіла. Малайцы!
Быць акторкай – гэта вялікая праца… і шчасце, калі заканчваецца выступ, паўсюль воплескі гледачоў, а ты адчуваеш, што ўсё сышлося!
Паглядзіш на сонца, на дрэвы, на птушак і думаеш – ну што гэта ты? Глядзі пакуль глядзіцца. І гэта такое шчасце! Так склалася, што дачкі ў мяне тры, а засталася я адна, таму цяпер хапае сіл на працу і дзяцей. Безумоўна, было і каханне, і шчасце – усё было. Нармальна, што былі цяжкія хвіліны. Трагедыі, якія здараліся, у маладосці здаваліся канцом свету, а як цяпер думаеш – не. Дзякуй Богу, што ўсё было.