Меню

Новости

Знак роўнасці

Паміж стваральнікамі сучбелліту

Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае расставіць «знакі роўнасці» ў сучбелліце — з 17 па 19 лістапада прыходзьце на літаратурны фестываль, каб дапамагчы актуалізаваць дзейнасць творцаў, выціснутых на перыферыю беларускага літаратурнага працэсу.

Фестываль «Знак роўнасці» прапануе:

  • звярнуцца да жаночай прысутнасці ў сучаснасці і мінулым беларускай літаратуры і тэатру, даць магчымасць беларускім пісьменніцам абмяняцца меркаваннямі;
  • агучыць пісьменніцкі досвед рэгіянальных аўтараў і абмеркаваць асаблівасці літаратурнага жыцця па-за межамі сталіцы;
  • разгледзець асноўныя спосабы гаварэння пра іншасць у дзіцячай літаратуры.

Дыскусійна-лекцыйную частку праграмы прадставяць Вальжына Морт, Алена Брава, Вольга Гапеева, Віктар Жыбуль, Таццяна Арцімовіч, Аляксей Стрэльнікаў, Альгерд Бахарэвіч і не толькі.

У першы дзень фестывалю пройдзе Міжнародны круглы стол «Хто танчыць на мінным полі і жыве ў ружовым гета: дыскусія на тэму ідэнтычнасці ў літаратуры», дзе будуць прысутнічаць пісьменніцы Ульрыка Кэрнборг (Швецыя) і Хэйдзі Мары Крызнік (Нарвегія). Таксама раім не прапусціць прэзентацыю кнігі выбраных вершаў Дароты Коман «36 квадратных мэтраў думак» з удзелам аўтаркі і перакладчыка Андрэя Хадановіча.

Акрамя дыскусій, лекцый і прэзентацый наведнікаў і наведніц фестывалю чакаюць літаратурныя чытанні ад Валянціны Аксак, Сабіны Брыло, Насты Кудасавай, Людмілы Рублеўскай, Людкі Сільновай, Таццяны Нядбай, Вікі Трэнас.

Паліна Рэспубліка забяспечыць музычную частку.

Калі: 17—19 лістапада
Дзе: Галерэя ТУТ.бай (пр-т Дзяржынскага, 57)
Для каго: для тых, хто хоча паўплываць на развіццё беларускай літаратуры
Квіткі: уваход вольны

Top