У нядзелю адбылося першае мерапрыемства КінаСтартап-школы. Мітап сабраў больш за 40 удзельнікаў з розных галін кіна- і медыявытворчасці. Што далей?
Першы блок мерапрыемства «Відэапрадукт: ад ідэі да ўвасаблення» правёў Андрэй Палупанаў, заснавальнік Кінашколы-студыі. Удзельнікі высвятлялі актуальныя праблемы ў развіцці кінавытворчасці і спрабавалі вызначыць шляхі, якія будуць спрыяць развіццю сучасных накірункаў медыя ў беларускіх рэаліях. Прысутныя падзяліліся сваімі ідэямі і досведам, вызначылі магчымыя спосабы ўзаемадзеяння і стварэння асяроддзя для камунікацыі.
Спікерам другога блока сустрэчы «Як зарабіць на відэа ў інтэрнэце» быў Яўген Салановіч —дырэктар MediaCube.Network — кампаніі, якая займаецца лічбавай дыстрыб’юцыяй і кіраваннем аўтарскім правам у інтэрнэце. Ён распавёў пра тэндэнцыі развіцця анлайн-медыя ў Беларусі і расказаў, з чаго пачынаецца паспяховы медыяпраект: вызначэнне мэты і аўдыторыі, правільнае выкарыстанне product placement, прасоўванне свайго кантэнта на беларускім і замежных рынках.
Наступны мітап адбудзецца 19 сакавіка. У праграме:
- «Фандрайзінг: праца, гульня ці мастацтва», спікер Леанід Каліценя (прадзюсар, дырэктар АТ «Цэнтр сацыяльных інавацый»).
- «Краўдфандынг, ці Як прадаць кіно», спікер Эдуард Бабарыка (дырэктар па развіцці краўдфандынгавай платформы Ulej.by).
Найлепшыя беларускія спецыялісты раскажуць усё, што трэба ведаць сёння, каб вашы ідэі пабачылі свет заўтра. Калі ў вас ёсць ідэя праекта, які патрабуе фінансавых укладанняў, гэтая сустрэча дакладна для вас. Леанід Каліценя і Эдуард Бабарыка растлумачаць, дзе шукаць фінансаванне і як правільна прадставіць ваш праект патэнцыйным фундатарам.
Апошні мітап пройдзе 2 красавіка. Яго тэмы:
- «Віртуальная рэальнасць», спікер Мітрый Соркін. (крэатыўны прадзюсар / Галерэя віртуальнай реальнасці ВІР / Feeling Films). Мітрый Соркін пазнаёміць удзельнікаў з самым модным кірункам у аўдыявізуальным асяроддзі — віртуальнай рэальнасцю (VR). На думку многіх экспертаў, менавіта гэты кірунак будзе вызначаць мультымедыйную будучыню.
- «Індустрыя камп’ютарных гульняў», спікер Раман Сердзюкоў (кіраўнік групы распрацоўкі кампаніі «Мелсофт», кандыдат тэхнічных навук, дацэнт). Раман раскажа пра сучасныя трэнды ў індустрыі камп’ютарных гульняў і арганізацыі бізнесу па іх распрацоўцы.
Для ўдзелу ў наступных мітапах трэба зарэгістравацца на сайце школы.