Меню

Новости

Weekend

Выхадныя і святочныя дні — у літаратурным музеі

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прадстаўляе новы праект Weekend: ён пачнецца 21 і 22 красавіка.

Мэта праекта — прыцягнуць увагу да дзейнасці літаратурных музеяў у выхадныя і святочныя дні. Першымі запрошанымі гасцямі праекта сталі вядомыя дакументальныя фатографы Артур Бондар і Аксана Юшко.

21 і 22 красавіка будуць адкрыты дзве выставы ў філіялах музея: «Цені зоркі Палын» у Літаратурным музеі Петруся Броўкі і «У пошуках выспаў» у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Разам з праектамі фатографаў Артура Бондара і Аксаны Юшко Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прадставіць прадметы з фондаў музея: рукапіс Святланы Алексіевіч, архіўныя фотаздымкі, паштоўкі і інш.

«Цені зоркі Палын»

Афіша-1

Праект Артура Бондара прысвечаны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, тэмы актуальнай і блізкай для беларускай літаратуры.

«Першы раз я трапіў у Чарнобыльскую зону ў красавіку 2007 года. З таго часу я зразумеў, што Зона гэта не мёртвае і нежывое месца, агароджанае калючым дротам. Яна нашмат больш жывая, чым думаюць многія людзі. У мінулым годзе свет адзначыў 30-я ўзгодкі са дня трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Я фатаграфую Чарнобыльскую зону ўжо 9 гадоў. Для мяне Зона — гэта таямніца, гэта загадкавая зямля, дзе кожны метр прасякнуты чалавечым болем і пакутамі».

«У пошуках выспаў» 

Афіша-2

Праект Аксаны Юшко будзе прадстаўлены ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. І гэта невыпадкова. Аксана распавядае пра людзей, якія пакідаюць вялікія гарады і едуць на Волгу ў пошуках сваіх асабістых «выспаў». На Волзе большую частку свайго жыцця пражыў і вядомы беларускі паэт. Тут быў напісаны яго адзіны зборнік вершаў — «Вянок».

«Пераезд з горада ў вёску ужо рэальнасць у сучаснай Расеі, новая форма мінімалізму як ладу жыцця, уласцiвая ўсiм індустрыяльным супольнасцям. Шмат хто ў пошуках сябе і новых сэнсаў свядома адмаўляецца ад кар’еры і вялікіх заробкаў і выбірае жыццё сярод прыроды, у коле сям’і і сяброў, у новых рэаліях і з новымі гарызонтамі».

Праграма

21 красавіка 19:00 — адкрыццё выставы «У пошуках выспаў» (Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М.Багдановіча, 7а).

22 красавіка 17:00 — адкрыццё выставы «Цені зоркі Палын» (Літаратурны музей Петруся Броўкі, вул. К.Маркса, 30).

Уваход на вернісаж вольны.

Top