Меню

Новости

«Цюльпаны»

Текст:

9 траўня а сёмай гадзіне вечара ў Галерэі «Ў» — адкрыццё выставы Эндру Мікшыса «Цюльпаны», а 10 траўня ў той жа час у тым жа месцы адбудзецца воркшоп Эндру пра саматужнае выданне фотаальбомных кніг «Навошта рабіць фотакнігу?».

Персанальны праект «Цюльпаны»

9—26 траўня

Амерыканска-літоўскі фатограф Микшыс упершыню наведаў Беларусь у 2009 годзе падчас святкавання Дня Перамогі.  Адметна аздобленая сталіца і афіцыйныя святкаванні з дэманстрацыяй вайсковай тэхнікі, трактароў і парадам нагадалі мастаку іканаграфію маштабных відовішчаў савецкіх часоў — усюду красавалі чырвоныя цюльпаны.

Іх колер і сімволіка хутка сталі тэмай для яго праекта. Фатограф зноў і зноў вяртаўся ў Беларусь, папаўняючы сваю калекцыю здымкамі іншых дзяржаўных святаў. На ўскраінах афіцыйнай культуры ён шукаў асабістыя, прыватныя гісторыі, якія існуюць нібыта па-за ідэялогіяй. Менавіта таму пісьменнік Лайманас Брыедзіс (Laimonas Briedis) слушна заўважыў: «Фатаграфіі Мікшыса — гэта не столькі рэпартаж пра Беларусь у колеры ці архіў афіцыёзных забаваў. Гэта дыярама адзіноты свята».

Для першай  выставы ў Беларусі  Эндру Мікшыс створыць інсталяцыю фатаграфій і відэа, зробленых па выніках сваіх вандровак на працягу пяці гадоў . Неад’емнай, але і самастойнай часткай праекта з’яўляецца кніга мастака пад такой жа назвай — «Цюльпаны», якая адлюстроўвае працэс паглыблення ў новы кантэкст, спробу яго разумення.

 У 2016 годзе «Цюльпаны» былі вылучаны куратарам фатаграфіі  TATE Modern у Лондане Сайманам Бэйкерам сярод дзесяці найлепшых фотаальбомаў года.

Воркшоп «Навошта рабіць фотакнігу?»

10 траўня, 19:00

Свет фота рэзка змяніўся ў апошнія гады у сувязі  з выбухам саматужных кніг і стварэннем малых выдавецтваў. Некаторыя крытыкі гавораць нават пра «залаты век» фотакніг. Можа, і ў вас ёсць ідэя апублікаваць сваю кнігу фатаграфіі або мастацтва?

Пачатак можа быць пакладзены на інтэнсіўным уступным семінары-воркшопе па публікацыі фотакніг. Асноўная ўвага будзе надавацца паляпшэнню ведаў удзельнікаў у сучаснай вытворчасці фотакніг і асновах рэдакцыйнай працы, дызайна, друку, фінансавання, маркетынгу і выбару матэрыялаў для сваёй фотакнігі. Эндру  Мікшыс правядзе семінар па прыкладах сваіх  уласных фотакніг ды альбомаў іншых сучасных фатографаў.

Удзел у воркшопе платны. Квіткі — 25 руб, студэнты —15 руб.

Top