Знакамітую паэму Адама Міцкевіча на купалаўскай сцэне ўвасобіць рэжысёр Мікалай Пінігін. Пераўтварыць эпічны твор у дзесяць тысяч радкоў у тэатральную дзею яму дапамогуць мастак-пастаноўшчык Зіновій Марголін, мастак па касцюмах Алена Ігруша і кампазітар Андрэй Зубрыч. Праца ідзе з тэкстам, перакладзеным з польскай мовы на беларускую Язэпам Семяжонам. Інсцэніроўку паэмы для тэатра зрабіў драматург Сяргей Кавалёў.
У творы апісваюцца падзеі, якія адбываліся на Наваградчыне цягам пяці дзён 1811 і аднаго дня 1812 года. Напісаную ў эміграцыі ў Парыжы, паэму Міцкевіча называюць гімнам-успамінам пра вольны край, а таксама энцыклапедыяй шляхецкага ладу жыцця.
Мікалай Пінігін — рэжысёр
«Гэта наш першы вялікі праект пасля рэканструкцыі. У Беларусі ніхто раней не ставіў «Пан Тадэвуша». Даўно хацеў заняцца гэтым матэрыялам. Для мяне гэта перш за ўсё асветніцкая праца: лічу, што трэба вяртаць гледача да нашай гісторыі, тлумачыць беларусам, чаму Міцкевіч называе сваю краіну Літвой».
Адмыслова для афармлення спектакля рыхтуюць відэапраекцыю: на экране будуць паказваць фрагменты фільма 1999 года польскага рэжысёра Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш» і нямы фільм 1928 года, зняты Рычардам Ардынскім, а таксама гравюру Напалеона Орды з навагрудскім краявідам.
У спектаклі задзейнічана большая частка трупы Купалаўскага тэатра: Народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Сяргей Журавель, Мікалай Кірычэнка, Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Сяргей Краўчанка, Георгій Маляўскі, Аляксандр Падабед, артысты Святлана Анікей, Марта Голубева, Крысціна Казак, Раман Падаляка, Павел Харланчук-Южакоў, Юлія Шпілеўская і іншыя.
Увесну спектакль плануюць паказаць у Парыжы, дзе 180 год таму была напісаная паэма.