22 снежня ў кнігарні «Логвінаў» – прэзентацыя беларускага пераклада кнігі Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920–30-х: адабраная памяць», якая выйшла ў выдавецтве «ЛогвінаЎ». Iвэнт адбудзецца з удзелам аўтара.
Кніга, прысвечаная станаўленню беларускага прафесійнага тэатра ў 1920-я гады, таксама паказвае працэс рэпрэсій у 1930-я, ахвярамі якіх стала вялікая колькасць дзеячаў беларускага тэатра.
Таня Арцімовіч, рэдактарка кнігі:
«Кніга Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць» для нашага кантэксту – унікальная. Гэта першае выданне, у якім не проста здзейсненая спроба рэканструкцыі беларускага тэатра перыяду прафесійнага яго станаўлення: у кнізе ўпершыню паўстае шмат імёнаў і падзей, якія ў савецкі перыяд былі выкрасленыя з нашай культурнай памяці. Крок за крокам рэканструюючы падзеі той пары, аўтар звяртаецца да крыніцаў, якiя доўгія часы былi недаступныя для даследчыкаў, такім чынам вяртаючы беларускаму тэатру яго памяць і гісторыю. Гэта той тэатр – па-сапраўднаму сучасны, авангардны і жывы, – які мог бы быць, калi б не трапіў пад нож рэпрэсіўнай машыны, маштаб дзейнасці якой для нашай культуры стаўся катастрафічным. Але памяць магчыма адрадзіць. Дзякуючы кнізе мы можам успомніць і вярнуць у гісторыю імёны людзей, чыімі намаганнямі фармавалася нашая культурная ідэнтычнасць, і з упэўненасцю сказаць: гэтыя высілкі не былі дарэмнымі».
Пераклад тэксту – Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч, рэдактаркі – Таня Арцімовіч і Алена Мальчэўская, карэктура – Ліда Наліўка, дызайн– Кацярына Пікярэня, вёрстка – Мак Разанаў.
Прэзентацыя беларускага пераклада адбудзецца 22 снежня ў кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а) а 19:00. Набыць кнігу можна ў «ЛогвінаЎ», а таксама ў іншых кнігарнях Мінска.