Меню

Новости

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прапануе ўнікальны адукацыйны праект «10 майстэрняў». Апошні дзясяты курс называецца «ST()RE, альбо Склад сучаснага мастацтва», аўтарам якога з’яўляецца Сяргей Шабохін.

На працягу 6 дзен удзельнікам будзе дадзена магчымасць папрацаваць сумесна з мастаком над сваiмi праектамi. Сяргей правядзе экстраны курс сучаснага мастацтва, распавядзе пра тое, як інтэгравацца ў сістэму беларускага і сусветнага мастацтва, дасць падрабязныя кансультацыі па развіцці персанальных праектаў удзельнікам курса.

Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: для прадуктыўнай працы неабходна не больш за 11 чалавек. Перавага аддаецца пачынаючым мастакам, фатографам і куратарам, якія хочуць інтэгравацца ў сістэму сучаснага мастацтва або пашырыць веды ў гэтай галіне. Ад удзельнікаў пажадана наяўнасць матэрыялаў, напрацовак і эскізаў праекта, над якім яны збіраюцца працаваць.

Удзел у майстэрні бясплатны: удзельнікі курса самастойна забяспечваюць неабходныя матэрыялы для працы самой майстэрні альбо рэалізацыі выніковага праекта.

Заяўка на ўдзел у майстэрні Сяргея Шабохіна павінна змяшчаць рэзюмэ (CV) і матывацыйны ліст на паўстаронкі, які ўключае кароткае апісанне асабістага праекта, над якім удзельнік плануе працаваць у рамках курса. Заяўку дасылаць на адрас info@ygallery.by з пазнакай «Майстэрня Сяргея Шабохіна».

Дэдлайн 20 лiстапада. Колькасць месцаў абмежавана. Пачатак курса – 21 лiстапада.

sf

Сяргей Шабохін

– мастак, арт-актывіст, куратар, даследчык, заснавальнік і галоўны рэдактар партала аб сучасным беларускім мастацтве artaktivist.org, сазаснавальнік і сакіраўнік даследчай платформы беларускага сучаснага мастацтва KALEKTAR, галоўны рэдактар парталу kalektar.org.

З 2002 па 2009 атрымліваў мастацкую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра Графікі). З 2009 года пачынае весці актыўную мастацкую дзейнасць, прымае ўдзел у беларускiх i міжнародных выставах. Мастака цікавяць наступныя тэмы: гісторыя і гісторыя мастацтва, мастацтва ў публічнай прасторы, нябачныя зоны ў розных кантэкстах, палітычнае і актывізм у культуры, прадметны канцэптуалізм, інстытуцыянальная крытыка, грамадства і сацыяльнае цела.

Top