Меню

Новости

«Пярэварацень»

Выстава Настассі Колас

Текст:

Фото:

З 5 па 30 верасня ў межах Women in action пройдзе выстава мастачкі Настассі Колас «Пярэварацень» як рэфлексія на рэаліі існавання ў сучасным свеце. Асноўныя тэзісы выставы — культурная гібрыднасць, дух часу і ўплыў тэхналогій на штодзённае жыццё і зямную глебу. Сама Настасся распавядае пра яе падрабязней:

«Пярэварацень/Shifter — гэта выстава як мігаткое ўспрыманне.

Я размаўляю на англа-руска-, часам беларускай трасянцы. Я пытаюся ў паветра: што хаваецца за паверхняю рэчаў або пад скурай?

Зямля, упакаваная ў пластыкавыя пакеты, мяняе сваё аблічча і робіцца прадуктам.

Гукі прыбою або цвыркуноў даносяцца з аўдыёмашыны, прыстасавання ад бяссоння, папулярнага ў Амерыцы, якая не можа заснуць ад стрэсу, што запаляе яе мазгі. У сваім знакамітым эсэ «Адлюстраваны Час» Андрэй Таркоўскі казаў, што праца мусіць мець пах. І я з ім такім чынам згодная.

Першапачатковае месца гэтай выставы — арт-прастора «Сталоўка» — знікла. Пэўныя афіцыйныя беларускія інстанцыі забаранілі квір-фестываль, i паводле прынцыпу даміно гэта паслужыла падставай для закрыцця і самой арт-прасторы. Мая праца ў гэтым месцы правалілася і перамясцілася, як і частка ажурнага савецкага мура, што прыстаў да нас нібы нарасць. Усё гэта асела ў «Палацы мастацтва», і цяпер мы знаходзім гэтага пярэваратня тут».

Настасся Колас нарадзілася ў Мінску, жыве ў Таронта. З дапамогай прасторавых інсталяцый, скульптуры і лінзавых прыстасаванняў Настасся адсочвае транфармацыю вобразаў. У сваіх працах яна разглядае ўплыў на людзей і грамадства прадуктаў глабалізаванай эстэтычнай вытворчасці і тое, як яны засвойваюцца ў асяродку розных мясцова сфармаваных супольнасцяў. Настасся мае ступень бакалаўра мастацтва па дызайну моды (2003, Універсітэт Раярсан, Таронта) і магістра выяўленчага мастацтва па кіна-відэа (2017, Аспірантура Мілтан Аверы, Бард Коледж, Нью-Ёрк).

Праект рэалізуецца ў межах праграмы «Паспяховыя жаночыя ролевыя мадэлі Беларусі» пры падтрымцы ЕС.

Калі: адкрыццё — 5 верасня, 19:00; сустрэча з мастачкай — 7 верасня, 19:00; гадзіны працы галерэі: серада — нядзеля з 12:00 да 20:00
Дзе: ZAL#2 (другі паверх Палаца мастацтва, вул. Казлова, 3)
Для каго: для тых, хто існуе ў сучасным свеце
Квіткі:
уваход вольны

Калі што

Top