Меню

Новости

Паўночнае ззянне

Назірайце ў Мінску з 19 па 25 красавіка

Трэці фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін абвяшчае праграму. Сам фэст пройдзе з 19 па 25 красавіка ў Мінску і з 20 па 25 красавіка ў Віцебску. 

У гэтым годзе праграма пашырылася ўдвая і зараз уключае 14 стужак з 8 краін Паўночнай Еўропы і Балтыі. Сярод цікавостак праграмы-2017 — эстонскі дакументальны фільм «Мурашнік» пра гаражы ў Талінcкім раёне Ласнямяэ, які з’яўляецца пабрацімам Партызанскага раёну ў Мінску; гульнявы фільм «Нарвежскі дамок» — адзін з самых касавых фільмаў у нарвежскім пракаце апошніх гадоў; дакументальны фільм «Усім відовішчам відовішча», музыку для якога пісалі гіганты ісландскай музычнай сцэны — Sigur Ros; «У крыві» — рэжысёрскі дэбют Расмуса Хэйстерберга — аднаго са сцэнарыстаў «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона»; эстонскі намінант на «Оскар» фільм «Маці».

У межах фестывалю адбудзецца шмат дадатковых мерапрыемстваў: майстар-класаў кінематаграфістаў, кінакрытыкаў і нават дызайнераў. Свой варкшоп у межах фествалю правядзе фінскі прадзюсар Каарле Ахо, намінаваны на Оскар за лепшы фільм на замежнай мове; расійскі кінакрытык, спецыяліст па скандынаўскім кіно Антон Долін; рэжысёр, прадзюсар, музыка і адзін з самых паспяховых рэстаратараў у Осла — Ян Вардзёен, а таксама прадзюсар самай любімай фестывалямі ісландскай драмы «Каменнае сэрца» — Антон Мані Свансан. Таксама сёлета мы паспрабуем раскрыць таямніцы поспеху скандынаўскага мадэрну і яго уплыву на брэнд Скандынавіі разам з магістрам крэатыўных і медыя індустрый Дар’яй Яфімавай.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбудзецца 20 красавіка ў кінатэатры «Мір» (Мінск, вул. Казлова, 4А). Разам з партнёрамі фестывалю авіакампаніяй AirBaltic, «Паўночнае ззянне» дае сваем аматарам магчымасць пазнаеміцца бліжэй з новымі краінамі фестывалю. Спецыяльна для фестывалю кампанія AirBaltic і «Паўночнае ззянне» разыграе два квіткі ў напрамку Мінск-Рыга-Мінск і два квіткі на афіцыйнае адкрыццё фестывалю.

Арганізатары тлумачаць: «Слоган  сёлетняга фестывалю — «Сусвет унутры» / Universe inside. Мы верым, што кожны з нас — гэта цэлы сусвет. Незалежна ад вонкавага аблічча, палітычных перакананняў, успрыняцця сваёй ідэнтычнасці, сэксуальнай арыентацыі і колеру скуры. 14 стужак «Паўночнага ззяння» распавядуць пра ўнутраныя навальніцы і спакой, сяброўства і каханне, няўпэўненасць, павагу, адказнасць, сталенне. Словам, тое, што робіць нас індывідуальнасцямі і стварае унутранае святло, якое прыцягвае нас адно да аднаго. Трэці фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — гэта цэлы сусвет унутры кампактнага кінафестывалю».

Сачыць за навінамі можна на сайце northernlightsff.com. На гэтым канале на YouTube усе трэйлеры фестывальных фільмаў.

Top