Меню

Новости

(Не)расстраляная паэзія

Іх творы і твары

Нарэшце сур’ёзная навіна! Talaka.by працягвае збор сродкаў на рэалізацыю праекта, прысвечанага беларускім паэтам, знішчаным падчас сталінскіх рэпрэсій.

У красавіку беларускі музычны партал Tuzin FM анансаваў новы музычна-адукацыйны праект «(Не)расстраляная паэзія», прысвечаны да 80-годдзя «чорнай ночы» беларускай гісторыі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай мінскай турме HКУС былі расстраляныя тыя, каго ўлады называлі «ворагамі народу», а на справе — самыя таленавітыя і яркія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі таго часу.

Ідэя праекту — у захаванні і ўшанаванні памяці тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай літаратуры, — паэтаў, якіх знішчылі падчас сталінскіх рэпрэсій. Сэнс назвы ў тым, што творчую спадчыну расстраляных паэтаў ліквідаваць немагчыма, пакуль яе ведае і памятае народ. Праходзіць «(Не)расстраляная паэзія» пад дэвізам: «Мы мусім іх памятаць, каб ня зьнікнуць самім». У праекце ўдзельнічаюць сучасныя беларускія музыкі: Лявон Вольскі, Naka, Святлана Бень, Relikt, Кацярына Ваданосава і іншыя.

Сам праект складаецца з некалькіх частак:

  1. Серыя з 12 кампазіцый на словы 12 паэтаў. Кожны выканаўца выбраў адзін твор свайго паэта і ператварыў у песню. Гурт Dzieciuki выканае песню на адзін з вершаў Міхася Чарота, Re1ikt — Міхася Зарэцкага, Vinsent — Зямы Піваварава. Зміцер Вайцюшкевіч абраў верш Уладзіслава Галубка, а Кацярына Ваданосава – Алеся Дудара. Таксама можна будзе паслухаць песні гуртоў Akute, Naka, Vuraj, TonqiXod, Pomidor/off на словы Анатоля Вольнага, Юркі Лявоннага, Тодара Кляшторнага.
  1. Сэрыя з 12 адкрытых лекцый. Кожная лекцыя прысвечана жыццю і творчасці асобнага паэта.
  2. Сэрыя з 12 маўклівых кніг — дызайнерскіх нататнікаў з выявамі паэтаў.

Кожны, хто зацікавіцца праектам, можа дапамагчы і паўдзельнічаць у яго развіцці. У ліпені ўсё яшчэ праходзіць краўдфандынгавая кампанія праз Talaka.by. Для рэалізацыі праекта трэба сабраць 15 тысяч беларускіх рублёў (дзякуючы кампаніі, ужо сабрана больш за 30% гэтай сумы), якія пойдуць на стварэнне, звядзенне і майстарынг музычных кампазіцый, арганізацыю і правядзенне лекцый і канцэртнай прэзентацыі праекта, а таксама на дызайн і друк нататнікаў з выявамі паэтаў.

За 12 рублёў можна замовіць запрашэнне на канцэрт-прэзентацыю, які адбудзецца 29 кастрычніка 2017 году. За большыя сумы прадугледжаны дадатковыя нішцякі: «маўклівыя кнігі», світшоты, індывідуальныя курсы вакалу ад Сяргея Доўгушава, etc.

Top