Меню

Новости

Месяц фатаграфіі ў Мінску

Юбілейны!

Хутка распачнецца пяты Месяц фатаграфіі ў Мінску, які прапануе актыўнасці на любы густ: 18 выстаў на 7 пляцоўках, лекцыі, кінапаказы, майстар-класы, інклюзіўная экскурсія з завязанымі вачыма і яшчэ шмат бясплатных івэнтаў. Свята фатаграфічнага мастацтва стартуе 6 верасня з адкрыцця фестывалю на яго асноўнай пляцоўцы — у Галерэі «Ў».  

Цэнтральная экспазіцыя

Што можна пабачыць толькі ў асноўнай экспазіцыі пятага МФМ:

  • вясельныя традыцыі Кітая 1985—2005 (Тама Савэн);
  • каталог інтэр’ераў літоўскіх загсаў (Вілма Самулёніце);
  • архіў тыповых сямейных святаў у Польшчы (Пшэмыслаў Пакрыцкі);
  • выставу, прымеркаваную да гадавіны трагічнага сыходу Стэнлі Грына, — самы знакавы праект амерыканскага фотажурналіста «Чорны пашпарт»;
  • праект «Страчаныя тэрыторыі» польскага фотакалектыву Sputnik;
  • маштабную серыю Эдварда Кэртыса — калекцыянера партрэтаў індзейцаў і здымкаў Дзікага Захаду;
  • выставу даследчыка тэмы кветак у сучаснай фатаграфіі Матыяса Гардэра.

Поўная праграма фестывалю — тут.

Галоўная тэма

Сэнсавым ядром МФМ’18 стане канцэпт юбілею, які рэпрэзентуюць архіўныя выставы аўтараў з Беларусі і Расіі «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» (куратаркі – Антаніна Сцебур і Ганна Самарская), «Дзявочы вечар» (калектыў VEHA) і фотакніжная выстава «Год свабоды» (куратарка Ала Міроўская з калектыву Russian Independent Self-published).

Новае на фестывалі

Арганізатары юбілейнага Месяца фатаграфіі ў Мінску падрыхтавалі адразу два падарунка з серыі не бачанага раней. Па-першае, на фестываль запрошаны фатограф з Кітая Чжан Кэ Чунь — той самы, які тры гады падарожнічаў на складным ровары ўздоўж легендарнай Хуанхэ, пасля чаго стварыў дзівосныя праект і фотакнігу «Жоўтая рака». Па-другое, упершыню ў гісторыі МФМ асноўная экспазіцыя будзе даступная невідушчым людзям: яны пройдуць інклюзіўным маршрутам, адмыслова складзеным куратаркай і актывісткай Наталляй Кавалевіч, і змогуць «прачытаць» здымкі з дапамогай гукаў і пахаў.

Калі: 6 верасня — 6 кастрычніка
Дзе: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19)
Для каго: для тых, каго цікавіць жыццё, злоўленае ў фотааб’ектыў
Квіткі: уваход вольны

Top