23-25 чэрвеня праект «Беларускія ўікенды» арганізуе паказы мультфільма «Маленькі прынц» у беларускай агучцы.
«Маленькі Прынц» — самы вядомы твор Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, залатая класіка літаратуры, кніга, якая перакладаецца ў свеце найчасцей за ўсе астатнія пасля Бібліі і Карана.
У 2015 годзе ў Францыі выйшаў аднайменны мультфільм. Ён распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са смешным старым — тым самым лётчыкам з кнігі «Маленькі Прынц». Самастойны сюжэт пераплецены ў мультфільме з сюжэтам знакамітай кнігі, таму яго будзе цікава глядзець як тым, хто яшчэ не чытаў кнігу, так і тым, хто добра знаёмы з сюжэтам.
У межах праекта «Беларускія ўікэнды» мультфільм быў агучаны на мову кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. Яго героі загаварылі па-беларуску галасамі Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Зміцера Бейнарт-Саладухі, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова, Уладзіміра Глотава.
У Мінску паглядзець гісторыю «Маленькага Прынца» можна будзе 23-25 чэрвеня ў кінатэатры «Масква». Сеансы пачнуцца а 19:00. Акрамя сталіцы, паказы мультфільма пройдуць ў абласных гарадах — Гомелі, Гродне і Магілеве. Квіткі можна набыць у касах кінатэатраў ці тут.