Спецыяльны рэтрапаказ першай беларускай стужкi «Лясная быль» – праз 90 гадоў!
Снежань 1926-га. Ішоў ціхі снег, па вуліцы Валадарскага ў Менску мякка сцялілася святло ад ліхтароў. У паласатым доме нумар 7, будынку былой сінагогі, ператворанай у кінатэатр з надпісам на фасадзе «КІНО «КУЛЬТУРА», збіраліся гледачы, каб убачыць «першую нацыянальную фільму «Лясная быль». Знятая рэжысёрам Юрыем Тарычам у адпаведнасці з праўдай гістарычнага моманту па папулярнай тады аповесці «Свінапас» гарачага маладнякоўца Міхася Чарота, стужка «Лясная быль» распавядала гісторыю простага сялянскага хлопца, які стаў бальшавіком-чырвонаармейцам. Хваляванне аўтараў, гул набітай бітком залі, хвалі свету і стракатанне, што стварае кінапраектар, сустракаюцца з гукамі, якія нараджаюць музыкі, запаўняючы цемру…
23 снежня 2016, праз 90 гадоў з моманту самага першага публічнага паказу героіка-прыгодніцкай стужкі «Лясная быль» (дарэчы, адбыўся ён 25–26 снежня 1926), у межах спецыяльнага музейнага праекта мы сустракаемся ў кіназале Музея кіно, каб пасля відэаэкскурса ў мінулае, аповеда пра гісторыю «першага беларускага баевіка», пад трапяткое выкананне атмасфернага саўндтрэка Сяргеем Пукстам у якасці тапёра ўзгадаць пра нашу кінаспадчыну. Пачатак а 19:00, кошт квітка – 5 руб.