«Кніжны жук» — штотыднёвы праект выдавецтва «Галіяфы» і інтэрнэт-часопіса «Культпрасвет», які ў ёмістай форме распавядае пра найноўшую беларускамоўную літаратуру і вартыя перакладныя выданні. Мы дакладна ведаем, якая кніга мусіць з’явіцца на вашай паліцы.
У выдавецтве «Галіяфы» — новая кніга, калі дакладней, дэбют — фэнтэзійна-прыгодніцкі раман Максіма Кутузава «Князь-ваўкалак». Шмат хто лічыць, што жыццё манарха бесклапотнае і вясёлае, але ж ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Якой была паўсядзённасць князя вялікай дзяржавы? Як і з кім ён бавіў свой час, што не давала яму заснуць, а галоўнае, як ён вырашаў праблемы — свае асабістыя і сваёй краіны? Даволі цікавая тэма сама па сабе, але ж ёсць акалічнасць, якая робіць гэты твор яшчэ больш інтрыгуючым: князь жа — ваўкалак!
Сюжэт
Галоўны герой — князь вялікай дзяржавы ад мора да мора. Як падкрэслівае аўтар, гэтае і наступныя падабенствы да беларускай гісторыі абсалютна выпадковыя. Дык вось, імя князя нам невядома — сваю гісторыю ён распавядае асабіста, а ніхто з іншых персанажаў так і не пасмеў назваць яго па імені, што, у прынцыпе, зразумела: ніхто на коле паміраць не захацеў…
Калі казаць пра самі падзеі, то тут вы не сустрэнеце велізарных войскаў эльфаў, марафоны за пярсцёнкамі ці аднабаковую ўзвышанасць герояў. Сам князь, як і звычайныя людзі, любіць бавіць вольны час за алкаголем ды з прыгажунямі, альтруістам і дабраком яго ніяк не назавеш.
«Князь-ваўкалак» даволі моцна выбіваецца з шэрагу стандартных фэнтэзійных аповедаў менавіта побытавым сюжэтам. Побытавым у тым сэнсе, што тут няма нейкай эпічнай мэты ці ворага. Галоўны герой проста спрабуе прывесці сваю дзяржаву да росквіту. А каб быць у курсе змоў, паўстанняў і меркаванняў іншых, ён выкарыстоўвае сваю звышздольнасць — князь можа ў любы момант ператварацца ў магутнага ваўка. Здольнасць, вядома, карысная, але ж такія рэчы нават у сусвеце аўтара даволі вялікая рэдкасць, што не надае ваўкалакам вялікай пашаны — іх вельмі баяцца. Ды і ваўка можна забіць, якім бы моцным ён ні быў, непаражальны монстр — гэта не пра яго. А самая вялікая небяспека для нашага героя ў тым, што нехта «лішні» даведаецца пра яго здольнасці… Вось на гэтым і канцэнтруецца сюжэт кнігі Кутузава: на што гатовы князь дзеля сваёй краіны? Ці атрымаецца ў яго разумна выкарыстоўваць свае здольнасці? Ці заўсёды ён будзе заставацца пераможцам? А нас, чытачоў, чакае цікавы расповед пра княжанне, уніі між дзяржавамі, каханне, рэвалюцыі, здрады, а часам і проста вясёлыя святы, дзе ўсе рагочуць, п’юць свой мёд і танчаць.
Аўтар
Аўтар дэбютант, як гэта звычайна бывае, зусім малады: Максім Кутузаў нарадзіўся ў Мінску ў 1995 годзе, скончыў сталічную гімназію № 7, толькі-толькі атрымаў дыплом хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прымае актыўны ўдзел у разнастайных навуковых канферэнцыях розных узроўняў, у тым ліку і міжнародных, публікуецца ў навуковых выданнях, валодае англійскай і нямецкай мовамі. Дарэчы, ён мае разрады па шахматах і настольным тэнісе, у 2013 годзе нават уваходзіў у 20 найлепшых снукерыстаў Беларусі. А літаратурны шлях Максіма толькі пачынаецца…
Для каго
Гэтая кніга падыйдзе ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і фэнтэзі. Аматары пабачаць шмат гістарычных спасылак на нашу мінуўшчыну, а тыя, хто любіць фэнтэзі, — цікавы прыгодніцкі аповед з мінімумам пафасу, што, магчыма, нагадае камусьці стылістыку «Ведзьмака» Анджэя Сапкоўскага.
Замовіць кнігу можна тут.