У экспазіцыі таксама прадстаўлены графічныя аркушы са збору эстампнай майстэрні мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і з прыватных калекцый мастакоў (аўтар канцэпцыі і куратар выставы Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава).
Віцебск у ХХ стагоддзі стаў не толькі адметным цэнтрам развіцця авангарднага мастацтва, месцам фарміравання своеасаблівай Віцебскай мастацкай школы, але і адыграў немалаважную ролю ў развіцці беларускага эстампа. Асабліва прыкметнымі ў мінулым стагоддзі сталі дзве лакальныя з’явы, што знамянуюць два этапы даволі яскравага развіцця віцебскай гравюры, якая прадстаўлена двума роднаснымі графічнымі тэхнікамі – дрэварытам (ксілаграфіяй) і лінарытам (лінагравюрай).
У экспазіцыі каля 50 твораў прадстаўнікоў віцебскай школы гравюры. Першую частку экспазіцыі складаюць дрэварыты (ксілаграфіі) Саламона Юдовіна (1892–1954), Яфіма Мініна (1894–1937), Зіновія Гарбаўца (1897–1979), Аляксандра Ахола-Вало (1900–1997).
У другой частцы экспазіцыі прадстаўлены лінарыты (лінагравюры) 1960–1980-х гадоў. У творчасці віцебскіх мастакоў у гэты час лінарыт набыў падкрэслена станковы характар. У пераважнай большасці графічныя аркушы віцяблян вылучаюцца эмацыянальнай выразнасцю, вытанчаным лірычным і паэтычным ладам. На выставе экспануюцца творы Рыгора Клікушына (1921–2014) і яго вучняў, сярод якіх – Мікалай Гугнін (1946), Віктар Данілаў (1946), Мікалай Таранда (1947), Вячаслаў Шамшур (1942).
Шэраг віцебскіх мастакоў, выпускнікоў розных навучальных устаноў былога СССР у 1960–1970-я гады захапляліся тэхнікай лінагравюры. Сярод іх – Барыс Кузьмічоў (1936–2000), Ісаак Бароўскі (1921–1991), Георгій Кісялёў (1935), Анатоль Ільінаў (1935), Генадзь Шутаў (1939), Юрый Баранаў (1949), чые творы таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.
Сёння на пэўнай аддаленасці ад мінулага стагоддзя добра бачна, што дзве стылістычна блізкія тэхнікі гравюры – дрэварыт і лінарыт – у прасторы віцебскага мастацтва ў ХХ стагоддзі мелі свой уласны шлях развіцця і разам з тым паспрыялі фарміраванню даволі цэласнай графічнай школы, у якой выразна праявілі сябе некалькі пакаленняў віцебскіх мастакоў.