Меню

Новости

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў межах «Тыдня тэатра» пройдуць лекцыя, творчая дыскусія, экскурсія, майстар-клас і адкрыццё персанальнай фотавыставы. Мерапрыемствы пройдуць з 27 сакавіка па 1 красавіка і будуць прымеркаваны да міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца па ўсёй планеце штогод 27 сакавіка.

Напярэдадні свайго 100-га сезона Купалаўскі тэатр пашырае свае межы і запрашае ўсіх сваіх гледачоў і прыхільнікаў тэатра на шырокую праграму культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, якія дапамогуць па-новаму адкрыць для сябе пастаноўкі Купалаўскага і больш глыбока ўспрымаць тэатральнае мастацтва ўвогуле.

27 сакавіка, 19:00 — Непарад

На камернай сцэне пройдзе адкрыццё персанальнай фотавыставы маладога актора Купалаўскага тэатра Максіма Карасцялёва. Фотавыстава цікавая тым, што на працягу двух год ён фатаграфаваў актораў тэатра ў нефармальнай атмасферы, у тыя моманты, калі знакамітасці становяцца людзьмі, якія захоплены не толькі тэатрам. На фотаздымках Максіма Карасцялёва – мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін у сваёй дамашняй майстэрні, акторы Зінаіда Зубкова і Павел Харланчук у грыбах, Раман Падаляка і Міхаіл Зуй на здымках свайго фільма «Ягор» і нават апошнія фотаздымкі народнага артыста Генадзя Гарбука. Акрамя таго, аўтар фотавыставы правядзе майстар-клас па праяўке фотаздымкаў.

28 сакавіка, 19:00 — Спектаклі і знакі

На камернай сцэне адбудзецца творчая сустэча з мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра Мікалаем Пінігіным. Тэма сустрэчы – «Рэпертуар Купалаўскага: як знакавыя спектаклі тэатра ўплываюць на гледача». Мікалай Пінігін раскажа пра свае знакавыя спяктаклі, пра прынцыпы адбору твораў для пастаноўкі на сцэне і фарміравання рэпертуара. Разам с тэатральным крытыкам Аляксеем Стрэльнікавым таксама будуць закрануты пытанні таго, як нацыянальны тэатр можа ўплываць на свядомасць гледача і фарміраваць яго погляд на сучасныя падзеі, пры гэтым адпавядаючы традыцыям і падтрымліваючы класічную літаратуру.

29 сакавіка, 19:00 — Як глядзець спектаклі

На камернай сцэне ў лекцыі «Як глядзець спектакль: некрытычныя парады» будзе аспрэчана меркаванне пра тое, што тэатр для многіх незразумелы і звычайнаму сучаснаму гледачу там рабіць няма чаго. Мікіта Моніч, адзін з заснавальнікаў праекта «Культурны тэхнікум», раскажа пра тое, як глядзець спектаклі, атрымліваць ад гэтага задавальненне і самае галоўнае – што нацыянальны тэатр можа даць сучаснаму гледачу.

30 сакавіка, 19:00 — Літаратура і тэатр

У творчай дыскусіі на тэму «Літаратура і тэатр: шляхі ўзаемадзеяння» прымуць удзел рэжысёры Купалаўскага тэатра Раман Падаляка («Радзіва “Прудок”») і Алена Ганум («Шабаны»), пісьменнік Альгерд Бахарэвіч (аўтар рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення»). Мадэратарам дыскусіі будзе Алена Мальчэўская – тэатральны крытык, журналіст, намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя». Удзельнікі дыскусіі абмяркуют тое, як тэатральныя пастаноўкі раскрываюць новыя ідэі і сэнсы літаратурнага твору.

31 сакавіка і 1 красавіка, 14:00 — Закуліссе Купалаўскага

«Тыдзень тэатра» завершыцца экскурсіяй, якая правядзе гасцей па самых незвычайных месцах Купалаўскага тэатра, дзе ствараецца спектакль. 31 сакавіка і 1 красавіка госці змогуць зазірнуць у памяшканні, у якія ніколі не трапляе звычайны глядач: закуліссі, бутафорскі цэх, грымёрка, хол перад сцэнай і, вядома ж, сама сцэна. Гледачы таксама даведаюцца пра гісторыю тэатра і яго знакавага спектакля «Паўлінка», убачаць старыя афішы, паспрабуюць прачытаць пару рэплік на сцэне і сфатаграфуюцца ў дэкарацыях аднаго з старэйшых спектакляў.

Для таго, каб прыняць удзел у мерапрыемствах, неабходна зарэгістравацца і прад’явіць на ўваходзе квіток на любы спектакль Купалаўскага тэатра ў красавіку.

Top