У рамках Тыдня Швецыі ў Мінску
Разам з кінафестывалем 29 траўня ў фае кінатэатра «Піянер» адкрыецца шведская фотавыстава «#enjoysweden» («Атрымай асалоду ад Швецыі!»), якая будзе працаваць да 11 чэрвеня.
«#enjoysweden» — гэта шведскі краўдсорсінгавы фотапраект, рэалізаваны праз сацыяльную сетку Інстаграм у 2013 годзе. Цягам года звычайныя людзі выкладвалі свае ўлюбёныя фотаздымкі з хэштэгам «#enjoysweden». Ініцыятарамі праекта выступілі два браты са Швецыі — Альбін і Оскар Понерт. У іх не было вызначаных правілаў удзелу — кожны мог па-свойму даследаваць гэту тэму. Пасля таго, як было апублікавана 60 000 фотаздымкаў, прафесійнае журы вылучыла 240 лепшых, з якіх потым стварылі фотакнігу. Журы шукала цікавыя, незвычайныя, дзівакаватыя, цудоўныя, асабістыя інста-моманты, якія маглі б распавесці пра Швецыю.
29 траўня, 18.30 — урачыстае адкрыццё фестываля і выставы з удзелам Пасла Швецыі Марціна Оберга і паказ мастацкага фільма культавага шведскага рэжысёра Лукаса Мудысана «Мы лепшыя!» (2013).
Стакгольм, 1982 год. Фільм пра трох дзяўчат-падлеткаў, якія ад няма чаго рабіць бадзяюцца па вуліцах. Яны адначасова смелыя і задзірлівыя, моцныя і слабыя, дзівакаватыя і разгубленыя. Не маючы ўласных інструментаў, дзяўчаты ствараюць панк-гурт, нягледзячы на тое, што ўсе наўкола крычаць, што панк мёртвы.
30 траўня, 19.00 — дакументальная стужка Крысціны Ліндстром «Астрыд» (2015).
«Піпі Доўгаяпанчоха», «Эміль з Лёнэберга», «Карлсан-з-даху». Кнігі Астрыд Ліндгрэн прадаюцца 150-мільённым накладам, а сама яна ўваходзіць у дзясятку самых чытаных аўтараў свету. Але кім была Астрыд і адкуль пачынаюцца яе гісторыі?
31 траўня, 19.00 — кароткаметражныя шведскія фільмы:
- «Жывёлы, якіх я забіў мінулым летам» (2012)
- «Кветкі Бенжаміна» (2012)
- «Танцуй пад музыку цяпер» (2012)
- «Грыбок» (2010)
- «Вялікая паўночная гара» (2015)
- «Кіскі “руляць» (2013)
- «Мёртванароджаны» (2014)
- «Вось гэтак цяпер» (2012)
- «Распрані мяне» (2013).
1 чэрвеня, 19.00 — фільм Джона О. Ульсана «Дзівосы Віскана» (2015).
Б’ярнэ і Малін жывуць на беразе ракі Юнган і разам кіруюць фірмай па перавозках. Справы ідуць не вельмі добра, і ім трэба пазычыць грошы ў банку. Каб уратаваць фірму, Малін вырашае паехаць на іншы бераг да цесця і пераканаць яго стаць гарантам пазыкі. Пра гэта рашэнне ей давядзецца потым моцна пашкадаваць.
2 чэрвеня, 19.00 — мастацкая стужка Лізы Лангсэт «Гатэль» (2013).
Эрыка мае ўсё: добрую працу, шмат сяброў і надзейныя стасункі. Пакуль усё гэта раптоўна не разбураецца. Яна пачынае наведваць тэрапеўтычную групу, у якой збіраюцца людзьмі з рознымі душэўнымі траўмамі. Яны пачынаюць разам шукаць магчымасць ажыццявіць “перазагрузку”…
Фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі.
Уваход на фестываль вольны.
Квіткі на фільмы можна атрымаць бясплатна ў касе кінатэатра з 12.00 у дзень паказу.