Меню

Новости

Сустрэча з майстрам

выставачна-інтэрактыўны праект

Где:

Когда: 17:00

Выставачна-інтэрактыўны праект «Сустрэча з майстрам» і мерапрыемства «Вечар успамінаў», прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922 — 2010).

На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя жывапісныя і графічныя работы, кніжная ілюстрацыя, фотаматэрыялы, дакументы і асабістыя рэчы славутага мастака з фондавых калекцый Музея гісторыі горада Мінска. Многія з прадстаўленых работ экспануюцца ўпершыню і яшчэ шырэй раскрываюць шматгранны геній М.А. Савіцкага.

Асабліва кранальнай старонкай творчасці М.А. Савіцкага з’яўляецца праца па афармленні дзіцячых кніжак. У экспазіцыі можна не толькі ўбачыць арыгінальныя эскізы да казак «Зязюльчыны слёзы», «Зелянушка і кракатушка» Міхася Машары, але і пачытаць ва ўтульнай творчай атмасферы.

Сапраўдным адкрыццём выстаўкі можна лічыць студэнцкія работы Міхаіла Савіцкага, зробленыя ў часы вучобы ў Мастацкім інстытуце імя В.І. Сурыкава ў Маскве. Дзяўчына-натуршчыца сур’ёзна пазірае на гледача з далёкіх 1950-х гг. і не здагадваецца пра тое, што малады майстар за мальбертам — будучы народны мастак СССР і Беларусі. Тонкія лініі, геніяльнае пачуццё святла і ценяў, амаль фатаграфічная дакладнасць алоўка Міхаіла Савіцкага сведчаць пра талент выдатнага графіка.

Для творчасці Міхаіла Андрэевіча здаюцца зусім нетыповымі пейзажныя творы. У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя краявіды «ранняга» Савіцкага, напоўненыя сонечным святлом, зелянінай травы, яркімі фарбамі кветак, сасновым пахам высокага берага ракі.

Акрамя таго, працуе мультымедыйная зона, дзе ўвазе гледача ўпершыню прапануецца да прагляду дакументальны фільм пра Міхаіла Савіцкага, зняты ў 1996 г. рэжысёрам С.П. Жыткевічам, а таксама аўдыёзапісы аднаго з апошніх інтэрв’ю мастака.

Выставачны праект мае інтэрактыўны характар, дзе акрамя маўклівага дыялога з аўтарам, наведвальнікам будзе прапанавана адчуць сваё дачыненне да мастака — пачуць яго голас, убачыць рэдкія відэакадры, патрымаць ў руках аловак і, магчыма, павучыцца маляваць.

Адрас: пл. Свабоды, 15
т. 321 24 30

Top