Меню

Новости

Кінатэатр «Москва»:

  • 21 і 22 чэрвеня — 19:00
  • 23 і 24 чэрвеня — 17:00

Кінатэатр «Пионер»:

  • 26—27 чэрвеня

Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom пакажа ў беларускай агучцы мультфільм Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё». Прэм’ера фільма адбудзецца 21 чэрвеня ў 19:00 у кінатэатры «Масква». Адна з самых вядомых стужак знакамітага японскага рэжысёра будзе асабліва цікавая для дзіцячай аўдыторыі. Свае галасы героям мультфільма падаравалі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павал Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін.

«Рыбка Поньё» — дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай Прэміі «Оскар» за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара такіх знакамітых работ, як «Знесеныя прывідамі» і «Хадзячы замак». Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на «Залатога льва» — галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, — і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам па меркаванні Японскай акадэміі.

Гісторыя рыбкі Поньё ўяўляе сабой, бадай, самае незвычайнае пералажэнне знакамітай Андэрсэнаўскай «Русалачкі». Толькі на гэты раз яна паўстае ў вобразе маленькай дзяўчынкі з усімі ўласцівымі гэтаму ўзросту мілымі і не вельмі асаблівасцямі: цікаўнасцю і непасрэднасцю, наіўнасцю і схільнасцю да адданасці, а яшчэ — упартасцю ў дасягненні запаветнага жадання: стаць чалавекам і заваяваць каханне хлопчыка Сооскэ. І пакуль Поньё ідзе да сваёй мэты, свет вакол у літаральным сэнсе перакульваецца з ног на галаву, а на сушу абвальваецца мора… Чым усё гэта скончыцца, залежыць ад выбару пяцігадовага хлапчука і яго здольнасці прыняць сваю незвычайную сяброўку такой, якая яна ёсць.

Краіна: Японія, 2008 г.
Працягласць: 101 хвіл.
Жанр: Анімэ, Прыгоды, Сямейны, Мультфільм

Top