Меню

Новости

RELAX ці 5 практык глыбокага паслаблення вачыма мастакоў

З 1 сакавіка за расслабленнем і гарманізацыяй унутранага свету можна прыйсці ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, дзе адкрыецца выстава RELAX – яркі, стыльны, незвычайны праект пачатку года, напоўнены гармоніяй і пачуццёвасцю, супакоем і ціхамірнасцю.

Магчымасць выкарыстання выяўленчага мастацтва для вылячэння і паслаблення, дасягнення станоўчых эмоцый і аднаўлення гармоніі ўжо даўно практыкуецца многімі музеямі свету ў форме арт-тэрапіі. Асаблівасць гэтай выставы ў тым, што тэрапеўтычны эфект ад непасрэднага ўспрымання музейных экспанатаў узмоцнены тэмай выставы – «чалавек, які адпачывае».

Гледачу прадставіцца магчымасць убачыць зусім розныя грані ажыццяўлення тэмы «мастацтва адпачываць» – ад купання і гульняў на прыродзе да чытання і сну. Мы пастараліся пабудаваць не проста экспазіцыю, а сапраўдную art-прастору, дзе кожны зможа не толькі палюбавацца на выдатныя працы, але, прысеўшы на канапу, знайсці свой «астравок шчасця».

Інтрыга заключаецца не ў экзатычнасці матэрыялу, а ў багацці інтэрпрэтацый таго, што можна аднесці да праяў «RELAX». Адкрые выставу ціхамірны і цудоўны свет раздзела «Спакой». Тут у фарбах і лініях можна будзе ўбачыць і адчуць атмасферу таго, што італьянцы называюць «салодкім марнаваннем часу». Супакаенне, засяроджванне на ўнутраным жыцці, вызваленне ад мітусні, цішыня – пра гэта раскажуць творы.

Сярод «вечных тэм» адпачынку, якія праходзяць скрозь творчасць многіх мастакоў, адно з галоўных месцаў на выставе зойме раздзел «Цела». Тут гледачы змогуць акунуцца і ў рамантыку пляжнага адпачынку, перажыць выразныя мізансцэны лазневага жыцця, палюбавацца грацыяй і прыгажосцю аголенага жаночага цела, а таксама ўбачыць творы з «атмасферай», з асацыяцыямі да пазначанай тэмы.

Раздзел «Паглыбленне» прапануе паглядзець наRELAX скрозь прызму прыгожага, таямнічага і прыгодніцкага свету кнігі і «HomoLegens». «Кампанія» ілюструе атмасферу згуртавання людзей, весялосці і бесклапотнасці сумеснага баўлення часу ў самым шырокім сэнсе: ад роднасных адносін унутры асобнай сям’і да сяброўскіх вячорак і гульняў.

Важнае месца ў экспазіцыі зойме гук, які забяспечыць кампанія LG. Менавіта ён пагрузіць наведвальніка ў стан медытацыі і расслаблення, зробіць кожны крок не толькі візуальна, але і аўдыяльна ўсвядомленым.

Дайшоўшы да фіналу, глядач патрапіць у царства «Сну», зможа акунуцца ў эстэтычны трохкутнік рэальнага, сімвалічнага і ўяўнага. Розныя вобразныя інтэрпрэтацыі тэмы сну – бытавая, міфалагічная, метафарычная–магчыма адкрыюць рэальнасць больш прыцягальную, чым навакольная рэчаіснасць.

Выстава прадставіць цудоўны сплаў рускага і беларускага мастацтва, традыцыі мінулага і сучаснасці, жывапіс, графіку і скульптуру. На выставе будуць прадстаўлены творы В. Сярова, І. Машкова, Ф Жураўлёва, Б. Кустодзіева, У. Макоўскага, А. Герасімава, М. Савіцкага, В. Сахненкі, Б. Казакова, Н. Казакевіча, А. Кузняцова, Л. Хобатава, А. Асташова, А. Шаппо і многіх інш.

Як правесці зіму ў горадзе і адпачыць? Вядома ж, у Нацыянальным мастацкім музеі, дзе можна выкупацца ў цёплым моры, адчуць гарачыню дубовага веніка, паглыбіцца з галавой у цікавую кнігу ці проста памарыць у садзе.

Тэхнічны партнёр праекта кампанія LG Electronics

Музычная атмасфера адкрыцця Maxim Shumilin

Кожнага госця чакае вытанчаны сюрпрыз ад ЗАО «Цептер Банк»

Кошт: уваходны квіток у музей

Top