Меню

Новости

6 снежня 2016 года а 17-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы “Польшча. Архітэктура”. Выстава арганізавана сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, Дэпартаментам публічнай і культурнай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча і часопісам “Архітэктура-Муратар”.

Госці вернісажа: мастацтвазнаўцы Ежы Маеўскі і Катажына Шадкоўска (Часопіс “Архітэктура-Муратар”).

Архітэктура ў Польшчы знаходзіцца ў росквіце. У апошнія гады было пабудавана шмат важных грамадскіх будынкаў — музеяў і канцэртных залаў, спартыўных аб’ектаў, навучальных устаноў. Фінансаваныя са сродкаў дзяржаўнага бюджэту, органаў самакіравання і пры падтрымцы субсідый Еўрапейскага Саюза, праектаваныя выдатнымі, выбранымі ў выніку конкурсаў архітэктарамі, гэтыя будынкі становяцца сімваламі сучаснасці не толькі на мясцовым або нацыянальным, але і на міжнародным узроўні.

На выставе прадстаўлена графічная, фота і тэкставая інфармацыя пра 24 новапабудаваныя або адрэстаўраваныя будынкі. Акрамя грамадскіх будынкаў, тут ёсць офісныя будынкі, жылыя дамы, грамадскія прасторы.

Кожны з аб’ектаў, сфатаграфаны лепшымі польскімі фатографамі архітэктуры, раскрывае сваю выключнасць — унікальнасць формы, часта шматслойную канцэпцыю, якая з’яўляецца вынікам працы шматлікіх творцаў: дызайнераў, будаўнікоў, мастакоў, інвестараў.

Згодна з першапачатковай задумай выстава прысвечана сучаснай архітэктуры, але, сучаснасць вырастае з мінулага і крочыць у будучыню. Архітэктура не існуе ў пустаце, яна ствараецца ў гістарычным і культурным кантэксце. Менавіта на гэтым фоне можна ўбачыць яе дасягненні і значэнне — функцыянальнае, сацыяльнае, сімвалічнае. Менавіта таму на выставе прадстаўлены ўнікальныя рэпартажныя фатаграфіі, а таксама эскізы і малюнкі, якія паказваюць выбраныя будынкі ў кантэксце важных польскіх гістарычных падзей, часта нагадваючы пра дзейнасць выдатных асоб, якім яны прысвечаны.

Размешчаныя на асобных планшэтах цытаты ўзгадваюць важныя для польскай гісторыі моманты, а таксама ідэі знакамітых, вядомых у свеце польскіх мастакоў. Гэта зроблена з мэтай выклікаць у наведвальнікаў асацыяцыі, разбудзіць іх уяўленне, а таксама размясціць архітэктуру ў кантэксце больш шырокіх культурных умоў, пры якіх яна ўзнікае.

Архітэктура з’яўляецца спецыялізаванай галіной, але ацэнку ёй павінны даваць у першую чаргу карыстальнікі. Менавіта таму мы папрасілі маладую пісьменніцу, Сільвію Хутнік каб яна стварыла архітэктурнае «апавяданне», спецыяльны літаратурны дадатак да выставы. «Архітэктура – гэта эмоцыі», — сцвярджае яна.

Куратар: Эва П. Парэмбска

Месца: Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10)
Час працы: серада-нядзеля з 11.00 да 19.00
Тэл. (017) 321 24 26; 321 24 30

Кошт квіткоў: Для дарослых 2 руб., для студэнтаў 1 руб. 50 кап., для школьнікаў 1 руб.

Top