Меню

Новости

6 чэрвеня 2018 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі знакамітага літоўскага фатографа Антанаса Суткуса «Людзі Літвы». Выстаўка арганізавана сумесна з Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Фатаграфічным архівам Антанаса Суткуса пры падтрымцы Савета культуры Літвы.

Антанас Суткус – заслужаны дзеяч культуры Літвы (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Літвы (1985), ганаровы член Саюза фотамастакоў Літвы (1993), кавалер ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедымінаса IV ступені (1997 ), лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва (2003), класік савецкай і літоўскай фатаграфіі, заснавальнік Саюза фотамастакоў Літвы, выбітны прадстаўнік нацыянальнай фатаграфічнай школы.

У 2017 г. аўтару ўручана Прэмія Эрыха Саламона, якая аказала вялікі ўплыў на сучасную прэс-фатаграфію і ўручалася такім вядомым фатографам, як Марцін Парр, Рэнэ Буры, Роберт Франк, Себасцьян Салгаду, а таксама перыядычным выданням „Stern“, „Frankfurter Allgemeine Zeitung“, „National Geographic Magazin“ і іншым.

Антанас Суткус нарадзіўся 27 чэрвеня 1939 года ў вёсцы Клуонішкяй Каўнаскага раёна Літвы. У 1958-1964 гг. вывучаў журналістыку ў Віленскім дзяржаўным універсітэце. Тады ж ён стаў здымаць, хоць упершыню ўзяў у рукі фотакамеру яшчэ ў дзяцінстве. У адным з інтэрв’ю Антанас сказаў: «У дзяцінстве збіраў грошы на ровар, але чамусьці купіў фотаапарат».

У канцы 1960-х гг. вакол Суткуса сталі аб’ядноўвацца лепшыя фатографы, і па яго ініцыятыве быў створаны Саюз фотамастакоў Літвы, які ён узначальваў больш за 20 гадоў.

Работы Антанаса Суткуса параўноўваюць з працамі легендарных майстроў – француза А. Карцье-Брэсона і венгра А. Кертэса. У Мінску А. Суткус прадстаўляе больш за сотню архіўных срэбных адбіткаў, якія ствараліся на працягу 50 гадоў і аб’яднаныя ў фатаграфічны цыкл “Людзі Літвы”.

„Людзі Літвы“ – гэта бясконцая серыя фотаздымкаў, у якіх знікаюць межы паміж інфармацыйнай і мастацкай фатаграфіяй, бо іх аўтара цікавіць не чыстая дакументалістыка, але глыбіня душы чалавека з яго радасцямі, адзінотай, пакутамі і спачуваннем. На фотаздымках А. Суткуса знакамітыя мастакі, вяскоўцы і гараджане, дзеці, палітыкі, вязні Каўнаскага гета, што перажылі Халакост і іншыя. Для фатографа характэрны інтуітыўнасць, здольнасць лёгка знаходзіць эмацыянальную сувязь з людзьмі, якіх ён фатаграфуе, тонкае адчуванне і перадача імгнення штодзённасці.

А. Суткусу важна ўвекавечыць людзей Літвы ў іх аўтэнтычным і блізкім самому фатографу асяроддзі, пранікнуць позіркам у індывідуальны характар чалавека і імгнення. Кажучы пра сваю фатаграфію, А. Суткус адзначае: “Людзі такія, якія ёсць, але калі я іх фатаграфую – гэта “мае людзі”, такія, якімі я іх бачу. З дапамогай сваёй камеры я заўсёды імкнуўся асэнсаваць свет, што акаляе мяне”.

Вялізны архіў творчасці аўтара нанова адкрываюць не толькі літоўскія, але і замежныя куратары і выдаўцы, яго працы захоўваюцца ў самых знакамітых музеях свету, а французы ўдзячныя А. Суткусу за незвычайную калекцыю фотаздымкаў падарожжа пісьменніка Ж.-П. Сартра па дзюнах Ніды, якая паўплывала і на французскую скульптуру. Па адным са зробленых А. Суткусам фотаздымкаў Ж.-П. Сартра быў створаны помнік, які цяпер стаіць у Парыжы побач з Нацыянальнай бібліятэкай.

Выстаўка “Людзі Літвы” – гэта ўнікальная магчымасць убачыць лепшыя работы з аднайменнай серыі выдатнага майстра літоўскай фатаграфіі.

Top