Меню

Новости

Канцэрт перанесены з 24 лютага на 24 сакавіка. Аплачаныя квіткі будуць сапраўдныя на новую дату.

24 сакавіка а 8 вечара на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра пройдзе сольны канцэрт беларускага сінці-поп гурта ili-ili, заснавальнікамі і ўдзельнікамі якога з’яўляюцца артысты тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч.

Музыка ili-ili пачатку 2010-х увабрала ў сябе мастацкі густ і рамантыку далёкіх купалаўскіх гастроляў, выбухнула шэрагам гучных хітоў і ўзбагаціла тэатральны рэпертуар аўтарскай музыкай да многіх спектакляў. Гурт ili-ili 2018 года – гэта новы фармат, новае слова і новае гучанне. Адчуўшы покліч электронных бітаў і сувязь з космасам пост-року, хлопцы заявілі пра час перамен і выпусцілі пілотны трэк пад назвай «Мабыць» – як крок на шляху асэнсавання сябе, уласнай цэльнасці і творчай звышзадачы.

Мы запрашаем вас на прэзентацыю новага гучання ili-ili, а пакуль заахвочваем слухаць трэкі, наталяцца энергіяй касмічных хваляў і электронных фраз.

Аўтар россыпу плакатаў да канцэрту – наш добры геній рэжысёр і мастак Юрка Дзівакоў.

Гурт ili-ili існуе з 2011 года. За гэты час былі выпушчаны два альбомы: «Past Perfect» (2012), «List» (2013) – і адзін міні-альбом «post01» (2011). У 2013 годзе гурт стаў лаўрэатам фестывалю Basowiszcza, а трэк «Танчыць» атрымаў Нацыянальную музычную прэмію як «Найлепшая беларуская песня». У 2015 годзе гурт прыняў удзел у праекце «Anima», прысвечаным дзейнасці кампазітара М.К.Агінскага. Музыкі пішуць трэкі да спектакляў («Клеменс» К.Саі, “Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта, «Войцэк» Г.Бюхнера, «Запалкі» К.Сцешыка) і працуюць над новай праграмай.

Музыка: Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, Эрык Арлоў-Шымкус, Ігар Юшкевіч, Віталь Кулеўскі
Працягласць: 1 гадзіна 30 хвілін

12+

Top