Меню

Новости

DOTYK

IV Міжнародны фестываль квір-гісторыі

Где:

Когда: 19:00

Міжнародны фестываль квір-гісторыі DOTYK пройдзе з 6 па 8 красавіка ў Мінску. Місія DOTYK — набліжэнне нашага грамадства да талерантнасці і прыняцця, і сёлета мы запрашаем зрабіць гэты крок разам!

DOTYK адкрывае для сябе новы фармат і адпраўляецца ў мінулае, каб лепш разумець будучыню. Асноўнай падзеяй фестывалю стане адкрытая канферэнцыя, прысвечаная квір-гісторыі і ненарматыўнай ідэнтычнасці на пост-савецкай прасторы з удзелам спікера_к з Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Францыі і Эстоніі.
Гісторыя можа стаць падмуркам, ад якога супольнасць мае адштурхоўвацца, глебай для новых ідэй і натхнення, прызмай, якая пакажа звычныя для нас з’явы ў нечаканым ракурсе. Мы хочам паглыбіцца ў квір- і ЛГБТ+ гісторыю СССР, каб зрабіць з яе высновы аб сучаснасці.

Акрамя канферэнцыі пройдуць публічныя лекцыі і прэзентацыі, відэа-паказ спектакля, вечарына і канцэрт спявачкі і паэткі Вольгі Краўзэ.

Мы за нянудную адукацыю! У маргіналізацыі гісторыі ЛГБТ+ супольнасці ў постсавецкай прасторы ёсць свае плюсы: замест пыльных кабінетаў яна выходзіць на вуліцы. Выступы даследчы_ц з розных краін Еўропы распавядуць аб жыцці звычайна_й прадстаўні_цы ЛГБТ+ супольнасці ў СССР, пра цяжкасці захавання квір-гісторыі, аб бачнасці ЛГБТ+ супольнасці ў публічнай прасторы. Вы даведаецеся пра тое, як розныя сацыяльныя аспекты жыцця ў СССР, такія як ідэалогія і шматнацыянальнасць, паўплывалі на ЛГБТ+ супольнасць. DOTYK пакажа, як гісторыя фармуе наша агульнае тут і зараз.

Даследчыца гісторыі Іра Ралдугіна прадставіць відэазапіс свайго сумеснага праекта з драматургам Валерыем Пячэйкіным. Спектакль заснаваны на ўнікальных лістах раннесавецкіх квір-асоб 1920-х гадоў да Уладзіміра Бехцерава, найбуйнейшага эксперта эпохі, псіхіятра і неўролага. Сяляне і рабочыя з Адэсы, Петраграда, Екацярынаслава адкрыта пішуць аб сваёй гомасэксуальнасці. Драматург сказаў аб праекце: «Прафесар Бехцераў не адказаў на ліст грамадзяніна Палякова, які расказвае яму аб сваім інтымным жыцці. Прафесар напісаў на яго палях толькі адно слова — «Вычварэнства». Гэтай працай мне захацелася адказаць грамадзяніну Палякову. І сказаць яму: гэта не вычварэнства. Мы з табой, дарагі таварыш».

DOTYK – за развіццё і душы, і цела. На ўрачыстым адкрыцці фестывалю тонкія струны вашай душы і сваёй гітары наладзіць музыка Аня Жданава. У суботу ўвечары адбудзецца канцэрт першай іконы савецкага квіру – бясстрашна шчырай паэткі і спявачкі Вольгі Краўзэ. Вечар завершыцца танцамі для ўсіх — на другі з серыі вечарынак «Ды ўсё зараз # 2» Moonilena (Стакгольм), Фера Ледяева / Fera Ledyaeva (Мінск), Rosemary Loves A Blackberry (Масква) і Васіліса Палянина (Мінск) запрашаюць вас адсвяткаваць бясконцую свабоду!

Асноўнай пляцоўкай фестывалю стане прастора Сталоўка XYZ. Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю акрамя вечарынкі будзе вольным. На фэсце прысутнічае ўзроставае абмежаванне для наведвальні_ц 18+.

Расклад фестывалю

6 красавіка

19:00 Урачыстае адкрыццё IV Міжнароднага фестывалю квір-культуры DOTYK.
20:00 «Савецкі Харві Мілк? Гісторыя Нікі Палякова». Паказ відэазапісу спектакля Театра.doc. Прадстаўленне спектакля – Іра Ралдугіна (Расія), гістарыца, дактарантка Оксфардскага ўніверсітэта.

7 красавіка

10:00-17:00 Канферэнцыя «Квір-гісторыя былога СССР і постсавецкіх краін». Удзельні_цы канферэнцыі: Уку Лембер (Эстонія), Яніс Озаліньш (Латвія), Галіна Зяленіна (Расія), Павал Голубеў (Расія), Інэта Ліпша (Латвія), Павал Чапыжоў (Расія), Уладзімір Валодзін (Беларусь/Італія). Мовы канферэнцыі – руская, англійская.
17:00 Публічная лекцыя «Гомасэксуальныя суб’ектыўнасці ў шматнацыянальным СССР». Лектар – Арцюр Клеш (Францыя), дактарант Вышэйшай школы сацыяльных даследаванняў. Лекцыя пройдзе на рускай мове.
19:00 Канцэрт Вольгі Краўзэ (Расія/Украіна).
23:00 Вечарына «Так усё цяпер #2».

8 красавіка

14:00 Варкшоп «Манiфест бяспечнай прасторы». Праводзіць магістарка сацыялогіі, менеджарка Community Centre, выкладчыца ECLAB.
15:00 «MAKEOUT, нашто вы робіце друкаваны часопіс у ХХІ стагоддзі?» Прэзентацыя вынікаў работы над друкаваным часопісам MAKEOUT і дыскусія пра спосабы захавання квір-гісторыі.
17:00 Публічная лекцыя «Архіў свабоды ці «гей-прапаганда?». Расійская ЛГБТ-прэса ў 1990-х гадах». Лектар – Дэн Хілі (Вялікабрытанія), прафесар сучаснай гісторыі Расіі Оксфардскага ўніверсітэта. Лекцыя пройдзе на рускай мове.
19:00 Гутарка «Познесавецкі квір: асобы, падзеі, успаміны». Удзельніцы: Вольга Краўзэ (Расія/Україна), аўтарка і выканаўца песень, мемуарыстка, Алена Гусяцінская (Расія), заснавальніца расійскага ЛГБТ-архіва. Вядзе гутарку Іра Ралдугіна (Расія) – гістарыца, дактарантка Оксфардскага ўніверсітэта. Гутарка пройдзе на рускай мове.

Top