Меню

Новости

Выстаўка фотаздымкаў Юліі Мацкевіч “Беларуская Прага”. Выстаўка арганізавана Пасольствам Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска.

На выстаўцы прадстаўлены работы беларускага фатографа Юліі Мацкевіч, зробленыя летам 2016 года ў сталіцы Чэхіі. Фотаздымкі прысвечаны выбітным беларусам, якія ў розныя часы жылі і працавалі ў Празе. Выстаўка раскрывае прыгажосць чэшскай сталіцы і паэтыку месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых суайчыннікаў.

Бясспрэчна, што самым вядомым беларусам у Празе быў знакаміты палачанін, першадрукар, філосаф-гуманіст, вучоны-медык Францыск Скарына. Яму, пражскаму каралеўскаму садоўніку і ўсходнеславянскаму першадрукару прысвечана цэлая фотаграфічная гісторыя. Памяць Скарыны асабліва ўшаноўваецца ў Празе, дзе 6 жніўня 1517 года выйшла яго першая друкаваная кніга — Псалтыр.

У аб’ектыў фатографа трапілі дамы, дзе жылі выдатныя дзеячы беларускай культуры: оперны спявак Мiхась Iванавiч Забэйда-Сумiцкi, паэтэса Ларыса Геніюш, пісьменнік Васіль Быкаў.

У Празе ёсць больш за дваццаць гістарычных мясцін, звязаных з падзеямі, якія аб’ядналі беларусаў і чэхаў яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага. Так, асобныя часткі Пражскага граду пабудаваны чэшскімі каралямі з дынастыі Ягелонаў. Уладыслаў ІІ, сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра IV, быў каралём чэшскім у 1471-1516 гг.

На здымках адзначана месца, на якім у XV-XVI стст. стаяў так званы “Літоўскі калегіюм”. Існаваў ён пры Пражскім універсітэце і быў зафундаваны польскай каралевай Ядзвігай у 1397 годзе для студэнтаў з Вялікага княства Літоўскага.

У аб’ектыў фатографа трапіў дом, дзе была абвешчана незалежнасць Чэхаславакіі ў 1918 г., а ў 1921 г. прайшла Першая ўсебеларуская канферэнцыя — з’езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі.

“Беларуская Прага” – праект, які з’яўляецца напамінам пра традыцыйны саюз паміж горадам і чалавекам – у дадзеным выпадку Прагай і беларусамі.

Юлія Мацкевіч — беларускі фатограф, аўтар шэрагу персанальных выставак, удзельнік міжнарождных фотапраектаў. Узнагароджана залатым медалём прафесійнага конкурсу «Брэнд года» ў намінацыі «Сацыяльна адказны брэнд» за аўтарскі праект «SOS-дзіцячая вёска». На Трэцім Міжнародным фестывалі тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу OPEN у намінацыі «Фотаздымкі», праект Юліі Мацкевіч «Еўрапейскія гарады вачыма беларускага фатографа. Вільнюс» узяў трэцяе месца.

Top