Меню

Новости

Быць як “Я”

Курс Жанны Гладко: майстэрня і лекцыя

Пачатак восьмай часткі арт-праекта «10 майстэрняў» і публічная лекцыя маладой мастачкі Жанны Гладко чакаюць нас на наступным тыдні.

Праект «10 майстэрняў» прадстаўляе сабой цыкл з 10 аўтарскіх праграм таленавітых беларускіх мастакоў. Кожная праграма складаецца з практычнага курса і публічнай сустрэчы з аўтарам. «Быць як «Я» — восьмая частка адукацыйнага праекта на базе галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Жанна Гладко, аўтарка курса, які распачынаецца 12 лістапада, вырашыла прысвяціць свой праект аўтапартрэту і катэгорыі сілы.

 mailservice-1
Жанна Гладко — выпускніца кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2011 года працуе над серыяй аўтапартрэтаў. У іх знаходзяць адлюстраванне такія тэмы, як гендэрная палітыка, мастацтва, культура і рэлігія. Адметныя рысы творчасці маладой мастачкі— амбівалентнасць вобразаў і пераасэнсаванне сталых паняццяў.

Удзельнікі на працягу 6 дзен будуць працаваць над стварэннем асабістых праектаў, карыстаючыся фатаграфіяй, відэа і парадамі аўтаркі курса. Вынікі працы  размесцяць у прэзентацыі, якая стане яго завяршэннем.

 Каб стаць удзельнікам, не трэба плаціць узносы, пажадана мець ноўтбук і фотаапарат, абавязкова — цікавасць да сучаснага мастацтва. «Удзельнікі курса самастойна забяспечваюць неабходныя матэрыялы для працы самой майстэрні альбо рэалізацыі выніковага праекта», — удакладняюць арганізатары.

Акрамя гэтага, неабходна выслаць на info@ygallery.by рэзюмэ і матывацыйны ліст на паўстаронкі з пазнакай «Майстэрня Жанны Гладко» да 9 лістапада.

Калі магчымасці прыняць ўдзел у праекце няма, варта наведаць хаця б публічную лекцыю 9 лістапада ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якую таксама праводзіць Гладко. Там можна будзе даведацца пра выкарыстанне аўтапартрэта як інструмента культурнай, гендэрнай і палітычнай індэнтыфікацыі і задаць свае пытанні мастачцы. Пачатак а 19:00.

Top