Меню

Новости

Art Capital

Мастацкая выстаўка – з Францыі ў Беларусь

Мастацтва – гэта капітал: укладанне і прыбытак. А яшчэ мастацтва – штосьцi «капітальнае», знакавае ў жыцці чалавека. 1 снежня а 19.00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца ўрачыстае адкрыццё міжнароднай мастацкай выстаўкі «Art Capital: з Францыі ў Беларусь».

Art Capital буйная міжнародная выстаўка ў Парыжы, якая штогод збірае пад сводамі Гран-Пале каля 2000 сучасных французскіх мастакоў, а таксама жывапісцаў з усіх кантынентаў. Творы, якія прадстаўлены на Art Capital, не класіфікуюцца як сучаснае мастацтва. Хутчэй яны адносяцца да modern art, маючы на ўвазе не сувязь з накірункам мадэрнізму, а выкарыстанне традыцыйных матэрыялаў. У гэтых работах цэніцца майстэрства і арыгінальнасць выканання.

У мінулым годзе ў Гран-Пале ўпершыню былі прадстаўлены беларускія мастакі. У рамках Салона малюнка і акварэляў выстаўлялiся Віктар Альшэўскі, Юрый Анушка, Ганна Белавусава, Ларыса Журавовіч, Алена Макарэвіч, Максім Пятруль, Сяргей Парцянкоў, Павел Семчанка, Аляксандр Слепаў, Аляксандр Фалей, Валянціна Шоба. Салон, у якім удзельнічалі беларусы, афіцыйна прэміі не мае – тым не меньш скульптар Парцянкоў і графік Шоба былі адзначаны прэстыжнымі прэміямі фонда Тэйлара, які падтрымлівае таленавітых мастакоў.

Падчас адкрыцця выстаўкі Мінск наведаюць мастакі з Францыі, каб прадставіць нашаму гледачу творы сённяшняга французскага мастацтва. У сваю чаргу беларускія мастакі выставяць менавіта тыя творы, што дэманстраваліся на Салоне Art Capital у Парыжы.

На выстаўцы ў НЦСМ Францыя будзе прадстаўлена пятнацаццю мастакамі: пяць мастакоў з Салону параўнанняў з генеральным камісарам спадаром Жанам Портам, пяць мастакоў з Салону французскіх мастакоў з прэзідэнтам спадарыняй Марцін Дэлялёф і пяць мастакоў з Салону малюнка і акварэляў, прадстаўленыя сваім прэзідэнтам – спадарыняй Катрын Жаег.

Свята галаманаў-эстэтаў пачнецца 1 снежня а 19.00 на пляцоўцы НЦСМ па пр-т Незалежнасці, 47. 

Top