Меню

Новости

Ачышчэнне мастацтвам

Арт-праект «Чысціня і гігіена»

2 сакавіка а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Чысціня і гігіена», напрамкі – жывапіс, фота, відэа, арт-аб’ект, інсталяцыя. Праект прысвечаны працэсу ачышчэння ад лішняга.

Кажуць, што чысціня – гэта нешта недаступнае розуму, што існуе само па сабе, праяўляецца як недасягальны ідэал альбо атаясамліваецца з дзяцінствам. Гігіена – наадварот, паняцце са свету дарослых, часам агрэсіўнае і пагражальнае.

Гэтыя два паняцці, пастаўленыя побач, – своеасаблівая амплітуда аўтарскіх выказванняў адзінаццаці мастачак. Ад адваротнага, так званага цёмнага боку чысціні, калі чыстае ўспрымаецца як пустое ці мёртвае, – да сапраўды светлага яе боку, калі чысціня – гэта нешта ідэальнае, ачышчальнае і ўзнёслае. Ад дазнанняў, дапытванняў, умяшальніцтваў – сямейных, грамадскіх, адміністрацыйных, цэнзуры і самацэнзуры – да адсутнасці фальшы і бруду, таго, што звычайна разумеюць пад выразамі «чысты гук», «чысты колер», «чыстае пачуццё».

Каб выявіць сутнасць гэтых паняццяў і ўсвядоміць здольнасць іх да падмены адно аднаго, неабходна час ад часу здзьмухваць з іх пыл. Праект «Чысціня і гігіена» – своеасаблівы маятнік паміж гэтымі паняццямі. Гэта не мерапрыемствы гігіены ў літаральным сэнсе, а пошук першаснага, ідэальнага, незамутнёнага і незасмечанага вобраза. У межах персанальных праектаў закранаюцца пытанні маральнай чысціні, гігіены памяці, глыбіннай экалогіі, непатрэбных людзей, працэсаў ачышчэння ў культуры. Выстаўка працягнецца па 1 красавіка.

Аўтары: Таццяна Кандраценка, Жанна Капуснікава, Ілона Касабука, Зоя Луцэвіч, Таццяна Радзівілка, Галіна Раманава, Кацярына Сумарава, Алена Толабава, Алена Шлегель, Марта Шматава, Вольга Сазыкіна з удзелам студэнтак БДАМ Ганны Маршавай і Кацярыны Міхнюк. Куратар – Марта Шматава.

Top