Меню

Новости

Пра тых, што «С училища»

Барбершоп, сацыяльныя сеткі.
Тусоўкі і жаданне «не умереть со скуки».
Страх і азарт.
Агрэсія і напружанасць.
Жыццё тут і зараз за 1 гадзіну 50 хвілін

6 чэрвеня ў культурным інкубатары ОК16 адбылася прэм’ера спектакля «С училища» ад рэжысёра Аляксандра Марчанкі і цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». П’есу Андрэя Іванова, якая атрымала намінанацыю на расійскую тэатральную прэмію «Золотая маска», ужо паставілі ў Маскве, Сярове, Разані, Краснаярску, Краснадары і Белгарадзе. А напрыканцы чэрвеня ў Адэсе чакаюць прэм’еру спектакля «Вона його любила» вядомага кіеўскага рэжысёра Стаса Жыркова.

Яна — Танька (Ганна Семяняка). Дзікая, імпульсіўная шабаноўская гопніца-малалетка. Са сваім бачаннем свету, які сама стварае і пад які спрабуе (да апошняга і ў меру сваіх сіл, выхавання, інтэлекту) «падагнаць» іншых. Яе свет — гэта яе ўласнасць, і яна гатовая на ўсё, толькі б задуманая, намаляваная карцінка «Хочу счастья… Как все…» стала рэальнасцю. Па сутнасці, яе дзікасць і барзата, яе прыдуманы свет — усяго толькі тое, за чым можна схавацца маленькай траўміраванай дзяўчынцы.

Ён — Сярожа (Арцём Курэнь). З віду інтэлігентны, інтэлектуальны, выкладае філасофію ў тым ПТВ, дзе вучыцца Танька. І з самага пачатку ўсё, чаго хоча Сярожа, — грошай зарабіць і з’ехаць туды, дзе, магчыма, камусьці патрэбна яго філасофія.

Здаецца, такія розныя, нават супрацьлеглыя, яны ўвасабляюць тую частку пакалення і тую надзённасць, якая будуецца на поўнай адсутнасці ўнутранага стрыжня і маральна-этычных арыенціраў.

І Славік (Дзмітрый Мухін), якому проста сумна, якому ў слаўным брацтве Камарыльі не хапае ежы для эмоцый, адрэналіна, відовішчаў, жарсці. Славік проста стараецца «спасти нас всех от выгорания». Якім чынам? Гопніца-та нявінніца, а Сярожка ў Камарылью марыць патрапіць: чаму б і не прапанаваць «цветочек невинности у Шабанов сорвать» узамен на месца ў Камарыльі. Плёвая ж справа, так, чарговы чэлендж, чарговае шоу. Толькі галоднае на эмоцыі і гульні «братэрства», робячы свае стаўкі, забывае пра тое, што па той бок камеры — пакуль яшчэ жывы чалавек. І не адзін.

Рэжысёр Аляксандр Марчанка, выкарыстоўваючы ў спектаклі live-праекцыю і відэа, садзячы Славіка ў залу, дзеліць з намі пазіцыю назіральніка і надае адчуванне дачынення да таго, што адбываецца. Камарылья — гэта цяпер усе мы.

Наогул, мы так любім прымаць пазіцыю «назірання серыялу», пісаць каментары, рабіць стаўкі, што часцяком сваёй актыўнай пасіўнасцю і прыводзім іншых да тых самых крайнасцяў. Мы бачым, як Сярожа ўсё ж ідзе на паваду ў Славіка, як выконвае яго ўмовы, як пасля Танька даведваецца пра «здраду» і займае пазіцыю агрэсара ў адносінах. Таму што яна яго любіць. Так, сваёй асаблівай любоўю, так, як умее. А ўмее на ўзроўні інстынктаў, таму што ў той свет, які яна сабе прыдумала, Сярожа выдатна дапасоўваўся і бачыўся тым самым.

А далей з’яўляецца зэк Косця (Максім Брагінец). Адзіны, напэўна, герой, які мае хоць і нездаровыя, але прынцыпы. Косцю ўсё роўна, дзе і як, — толькі б за Танькай «даглядаць», быць з ёй так, каб з ёй ніхто не мог быць, акрамя яго. Менавіта Косця і разрывае іх трохкутнік. Менавіта яго рукамі Сярожа здзяйсняе тое, чаго сам у сілу сваёй хісткасці не змог бы зрабіць: «Нас с тобой она уже убила. Мы для нее никто… Давай!»

Складаная прастора, некалькі пляцовак, анлайн-трансляцыя выкарыстоўваюцца максімальна, што надае шматслойнасці і шматузроўнасці спектаклю. Камеры, тэлефоны, сацыяльныя сеткі сціраюць межы паміж тэатрам і кіно, сціраюць межы паміж тым, што адбываецца на сцэне (дзе мы як назіральнікі), і тым, што кожны дзень адбываецца ў нашым жыцці (калі мы як назіральнікі).

Аляксандр Марчанка

Пра п’есу

Што тычыцца матэрыялу, я доўга думаў, пра што п’еса. У ёй ёсць такая дзіўная падманлівая лінія: і называецца п’еса «С училища», і здаецца, што яна пра гэтую дзяўчынку-люмпен. Але на самой справе гэтая дзяўчынка-люмпен з’ява, якая існуе ў п’есе на ўзроўні прапанаваных абставін, бо ўсе рашэнні прымае незадаволены жыццём хлопчык Сярожа, які вельмі хоча з’ехаць, але не краіну жадае пакінуць, а сістэму свайго жыццяўладкавання. Хоча, каб хутчэй стала лепш і не хоча прыкладаць дзеля гэтага ніякіх намаганняў. Таму «С училища» для мяне ў першую чаргу было вось пра гэта. Хлопчык, які ўсё разумее і навучаны разумець, што такое мараль, усё роўна робіць выбар не на карысць тым ідэалам, якія вывучаў і якія выкладае.

На самой справе, прапанаваныя абставіны нашага жыцця, якія Андрэй Іваноў апісаў вельмі дакладна, добра і смачна, не з’яўляюцца чымсьці ўнікальным для мяне было цікава, як мы з гэтым абыходзімся.

Аляксандр Марчанка падчас рэпетыцыі спектакля

На экране адбываюцца падзеі па-за сустрэчамі Танькі з Сярожам, і гэта стварае ілюзію таго, што мы ўжо ўварваліся ў яе жыццё (альбо яна ў наша?..) і падглядаем за ёй. А яна толькі ўсміхаецца і спявае «Я не игрушка».

Вобраз Танькі ў выкананні Ганны Семяняка атрымаўся тонка-спакуслівы. Нягледзячы на тое, што гэта гопніца, на ўсіх узроўнях менавіта цераз тонкасць выяўляецца існасць закаханай сямнаццацігадовай дзяўчынкі з дзіцячымі траўмамі і прагай абараніць сваё бачанне шчасця, свой маленькі сусвет. А яе спакуслівасць параджае моцныя па энергетыцы, часам жорсткія, але заўсёды рашучыя дзеянні і рэакцыі.

Ганна Семяняка

Пра Таньку

Звычайна, калі я атрымліваю ролю, — адразу пачынаю ўяўляць, як знешне будзе выглядаць мой персанаж. Як толькі я пазнаёмілася з Танькай падчас чыткі п’есы, я адразу закахалася, адчула, што яна мая. Але ўявіць, якая яна знешне, не магла. У п’есе вельмі шмат гаворыцца, што Танька прыгожая. І я ўсё глядзела на сябе, глядзела: як жа сумна! І пачала ўспамінаць, калі мне казалі, што я вельмі прыгожая — калі я рабіла завіўку! (Смяецца.) І я пачала яе бачыць, адчуваць. І гопніца, быдла — гэта для мяне адышло на ўзровень нейкіх стэрэатыпаў. Гопніцтва ў сямнаццацігадовай закаханай дзяўчынцы — гэта ж не харканне і картаны, гэта нешта ўнутранае, стыль жыцця, манеры, хітрасць нейкая. Пазней я знайшла кропкі судакранання, бо яны заўсёды ёсць. І мая Танька стала такой, як я яе адчула.

Пра працу з Арцёмам Курэнем

Мы з Арцёмам у спектаклі вельмі шмат б’ёмся, і насамрэч нашы адносіны з гэтага пачыналіся. Таму падчас такіх момантаў — унутры настальгія адразу, так прыемна ўспамінаць, што калісьці гэта было, гэтыя разламаныя парты ва ўніверсітэце, калі ходзіш з сінякамі, пабіты ўвесь. Каханне. (Смяецца.) Але ад гэтага не было проста і лёгка працаваць — было вельмі цяжка, аднак унутранае адчуванне адзін аднаго, бясконцы давер дазвалялі шмат чаго наўмысна не выстройваць, а проста ісці адзін за адным, накіроўваючы адзін аднаго.

Стан унутранай псіхалагічнай загнанасці, хісткасці і няведання сваіх жаданняў трапна прапрацаваны Арцёмам Курэням у вобразе Сярожы. Наколькі насамрэч страшным можа быць пасіўнасць чалавека нявызначанага і нерашучага нават у дачыненні да свайго жыцця, да чаго можа прывесці паталагічнае жаданне збегчы і толькі б не вырашаць самому!

Арцём Курэнь

Пра спектакль

Для мяне гэты спектакль — пра выбар і дасягненне сваіх неасэнсаваных размытых мэтаў. Ніхто з Камарыльі, як і сам Сяргей, не хоча прыкладаць намаганні, каб знайсці правільны шлях да дасягнення сваёй мары. Усе прагнуць, каб як мага прасцей, хутчэй, тут і зараз задаволіць свае імгненныя патрэбы. І, напэўна, гэта ўсё ад таго, што людзі стамляюцца ад пастаяннай нявызначанасці і ў першую чаргу ўнутранай. Яны ўвесь час чагосьці прагнуць, але не маюць гэтага. І калі гэта адбываецца доўгі перыяд, то потым чалавеку хочацца ўсяго і адразу, без разбору.

Пра працу з Ганнай Семяняка

Гэта не першы наш вопыт сумеснай працы, і гэта заўсёды той выпадак, калі побач з табой не толькі блізкі чалавек, але і абачлівы партнёр, які чуе цябе і рэагуе на цябе. Нягледзячы на тое, што крыху і асабістае ў спектакль пранікае, таму што ў нас сапраўды стасункі пачыналіся з таго, што мы мутузілі адзін аднаго да сінякоў (усміхаецца), у спектаклі гэта толькі дапамагае, таму што мы настолькі добра ведаем і адчуваем межы, калі можам нашкодзіць адзін аднаму менавіта фізічна. Таму з момантамі боек праблем не было. (Смяецца.)

Нягледзячы на абставіны, якія прапаноўвае п’еса, нягледзячы на знешнюю карцінку і абсалютна інстынктыўнае разуменне кахання персанажам Ганны Семяняка, гледачу ўсё ж давялося адчуць тое сакральна-кранальнае, моцнае і сапраўднае, той магнетызм, які выпраменьвае пара Семяняка — Курэнь.  

Ганна Семяняка: «Я памятаю, як у сярэдзіне рэпетыцыйнага працэсу сказала Арцёму: «Я не магу ўспомніць, як я цябе люблю». Гэта было так хвалююча, так страшна для мяне. Але Арцём мне тады сказаў: «Ань, дык у гэтым і плюс, не трэба ўспамінаць, тады і дэманстраваць не давядзецца нічога, яно ўжо і так ёсць». А мне было незразумела: як гэта — любіць на сцэне, бо я і так люблю, яно дзесьці там заўсёды са мной».

Наіўнасць і сталасць, моц і бяссілле адначасова счытваюцца з вобраза Косці ў выкананні Максіма Брагінца.

Максім Брагінец

Пра Косцю

Як акцёру мне заўсёды цікава спрабаваць рознае, і я адразу зразумеў, што хачу гэтага Косцю сыграць. Не ведаю, што дзе перавярнулася, што дзе ўсплыло ў памяці, магчыма, нейкая зацыкленасць, магчыма, гэта супала з нейкімі маімі перажываннямі мінулага жыцця. Гісторыя Косці для мяне — гэта, напэўна, пра шчырасць пачуццяў. Няхай з паталогіяй, але гэта сіла кахання і сіла адчаю. Здаецца, пры мінімуме выразных сродкаў гэта незразумелая істота ўмее так кахаць, што можа нават забіць з-за гэтага. Так, ёсць перагібы, але ўсё роўна гэта сільнае пачуццё, вельмі непадкупнае і шчырае, яно ёсць у Косці. І, напэўна, менавіта гэта і зачапіла — мне захацелася перажыць гэта, увасобіць, прапусціць цераз сябе.

Пра п’есу

Усе героі п’есы не маюць дакладнага разумення, чаго яны хочуць ад жыцця. Магчыма, яно ёсць у Танькі, але таксама нездаровае, не канкрэтнае: ёй патрэбна знайсці чалавека, які, як быццам, той самы, — і вось тады, толькі тады жыццё зноў жа, як быццам, набывае свой сэнс. Тое ж і ў Косці да Танькі: калі разбураецца гэта легенда, ім выбудаваная, ён пытае, што яму рабіць, як жыць далей.

Мне думаецца, гэта пра нас сённяшніх, пра нашу краіну, таму што няма разумення, куды рухацца, за што хапацца, да чаго ісці, куды.

Напэўна, найбольш складана было акцёрам па той бок камеры (Аляксандр Малчанаў — у спектаклі бацька Танькі , Людмiла Сiдаркевiч — у спектаклі маці Сяргея), калi ты не бачыш гледача, не бачыш рэакцыi, але iснаваць цалкам, як у кiно, таксама не можаш. Ад таго адчуваўся некаторы дысананс жанраў.

У спектаклі Аляксандра Марчанкі адчуваецца рэжысёрскае неўмяшальніцтва ў матэрыял, пазіцыя нейтралітэту, калі няма навязвання асабістага меркавання, калі ты як глядач: што ўбачыў — тое тваё. Напэўна, калі гледачам даваць магчымасць бачыць сябе ў матэрыяле, тады і тэатр сапраўды пераходзіць на ўзровень асабістых практыкаванняў і невычарпальных самаадкрыццяў. Менавіта тады тэатр з’яўляецца жыццём, якое можна пражыць (альбо паглядзець — каму як пашанцуе) за 1 гадзіну 50 хвілін.

Top