Усім аматарам фальклору! Гэтай вясной беларускі этнограф і лідар гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў выдаў унікальны музычна-навуковы дыск «Традыцыя», дзе сабраў традыцыйныя аўтэнтычныя мужчынскія спевы. Варта ведаць, што яны выключна беларускія.
Сам Сяржук Доўгушаў распавядае:
Ідэя стварэння «Традыцыі» ўзнікла пасля выдання дыска «Вяселле». У 1988-м Іван Кірчук (лідар гурта «Троіца» — Прим. «Культпросвет») прывозіў у Мінск для запісу палескі гурт «Плытагоны», гэтыя запісы захаваліся ў Таццяны Песнякевіч. І мы вырашылі, што запісы варта пачуць усім. Адразу запусцілі краўдфандынг і даволі хутка сабралі патрэбныя сродкі, але было шмат цяжкасцей. Таму што ў нас такая спецыфічная інфармацыя даволі глыбока схавана. Напрыклад, было складана знайсці якасныя фотаздымкі і запісы. Але ўсё атрымалася
Акрамя моцнага гукавога пасыла, у выданні шмат унікальнай інфармацыі і фотаздымкаў, да таго ж у яго вельмі стылёвая вокладка. Набыць дыск можна ў Кнігарне Логвінаў, а таксама ў крамах Symbal.by і «Акадэмкніга».