19 мая з 20:00 да 24:00 Музей гісторыі горада Мінска запрашае на Ноч музеяў. Мы падрыхтавалі для вас гіпер-квэст «Музейны дэтэктыў».
Увага – Увага!
У Музеі горада М. адбылося таямнічае знікненне каштоўнага прадмета.
На дапамогу запрашаюцца ўсе свядомыя гараджане. Пошукі ўнікальнага экспаната распачнуцца 19 мая ў 20.00.
Для таго каб выйсці на след злодзея, неабходна сабраць улікі, якія ён пакінуў у сямі месцах у Верхнім горадзе:
- Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15)
- Гарадской мастацкай галерэі Л.Д. Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10)
- Арт-гасцёўні “Высокае места” (вул. Герцэна, 2а)
- Мінскай гарадской ратушы (пл. Свабоды, 2а)
- Археалагічным музеі (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6)
- Экспазіцыі “Карэтная” (вул. Кірылы і Мяфодзія, 8)
- Экспазіцыі “Мінская конка” (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6)
Адкуль пачынаць вышукі – вырашаць вам. Узбройцеся алоўкам, ручкай або пяром. Падрыхтуйцеся да нечаканых сустрэч, містычных супадзенняў, выпадковых адкрыццяў.
Тых, хто раскрые злачынства і знойдзе зніклую рэч, чакае шчодрая ўзнагарода.
Самыя першыя і спрытныя дэтэктывы адправяцца на рамантычнае «Спатканне на даху» ў 24.00.
Узнагародай для другога месца стане ўнікальная магчымасць убачыць начны горад з вышыні вежы Мінскай ратушы.
За трэцяе і чацвёртае месца – атрымаеце сертыфікаты на бясплатныя экскурсіі па музею.
За пятае месца – сямейны квіток на наведванне ўсіх экспазіцый музея.
Да сустрэчы, дарагія міс Марпл, шаноўныя Шэрлакі Холмсы, лейтэнанты Каломба, камісары Мегрэ, Эркюлі Пуаро і іншыя сапраўдныя дэтэктывы і шукальнікі прыгодаў! Чакаем вас і спадзяемся на вашу логіку і кемлівасць.
Ваш Музей горада М.
Акрамя гіпер-квэста на пляцоўках музея адбудуцца выступленні музыкантаў, будуць працаваць выстаўкі і пастаянныя экспазіцыі.
Нашы выстаўкі:
- Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15):
«Правінцыя» – лірычны свет пейзажаў Кастуся Качана;
«Дотык прыгажосці» – пранікнёны і далікатны жывапіс Эдуарда Зеньчыка (Эстонія).
- Арт-гасцёўня “Высокае места” (вул. Герцэна, 2А):
«Прывітанне з Мінска» – інтэрактыўны праект пра гісторыю мінскай фатаграфіі.
- Археалагічны музей (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6):
«МотаВелаМінск. Двухколавая гісторыя» – выстаўка для аматараў хуткасці і метала.
Адзіны білет у сем музеяў коштам у 5 беларускіх рублёў можна набыць у касах Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Мінскай гарадской ратушы, Археалагічнага музея, Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва.