16 і 17 лютага ў Мінску пройдзе VII Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова. Удзел возьмуць паэты, перакладчыкі, музыканты з шасці краін, і гэта такія імёны, што трэба ісці абавязкова.
Наведнікаў сёмага Стральцоўскага фэсту чакае насычаная праграма, у якой:
- Уручэнне прэміі імя Міхася Стральцова — упершыню! — і прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў».
- Міжнародныя чытанні з удзелам зорак еўрапейскай літаратуры нарвежца Стэйнара Упстада, шведскай паэткі Атэны Фарухсад і нашай суайчынніцы Вальжыны Морт.
- Сюрпрыз ад украінскага паэта Сяргія Жадана — новая кніга ў перакладзе на беларускую мову.
- Круглы стол па вяртанні рэпрэсаванай літаратуры.
- «Ноч паэзіі і музыкі» з узнагароджаннем фіналістаў конкурсу «Верш пра каханне» на прызы «Амерыканкі».
- Паэтычныя чытанні, прэзентацыі кніг, музычныя выступы і перакладчыцкі батл.
На фестывалі збярэцца ўвесь літаратурны бамонд. І гэта ўжо сама па сабе дастатковая прычына, каб палюбіць паэтычныя імпрэзы.
Калі: 16 і 17 лютага
Дзе: Галерэя ТUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57), кавярня-клуб «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33)
Для каго: для аматараў паэзіі і кампаніі выбітных людзей
Квіткі: уваход вольны на ўсе мерапрыемствы