22—24 верасня — чарговы «Беларускі ўікенд»: на гэты раз у беларускай агучцы прэзентуюць знакамітага «Форэста Гампа».
«Форэст Гамп» — смешны і сумны фільм — самая паспяховая праца папулярнага рэжысёра Роберта Зэмекіса. Стужка атрымала 36 розных узнагарод, у тым ліку 6 статуэтак «Оскар». Гісторыя Форэста Гампа — гэта адначасова і гісторыя ўсяго амерыканскага грамадства другой паловы XX стагоддзя. У той жа час жыццё галоўнага героя, якое можна апісаць фразай «будзьце як дзеці», адкрывае нам нечаканую праўду пра саміх сябе. Нядзіўна, што фільм і яго персанажы сталі легендарнымі — як і знакамітае «Бяжы, Форэст, бяжы!».
«Форэст Гамп», агучаны на беларускую мову лепшымі беларускімі акцёрамі, будзе прэзентаваны ў сталічным кінатэатры «Масква».
Калі: 22—24 верасня
Дзе: кінатэатр «Масква»
Для каго: для тых, хто разумее беларускую мову ці моцна хоча пачаць гэта рабіць
Квіткі на сеансы можна набыць у касах кінатэатра і на bycard.by