Меню

Новости

«Кніжны жук»

Новая кніга за пяць хвілін: Вольга Гапеева

Текст:

Фото:

«Кніжны жук» — штотыднёвы праект выдавецтва «Галіяфы» і інтэрнэт-часопіса «Культпрасвет», які ў ёмістай форме распавядае пра найноўшую беларускамоўную літаратуру і вартыя перакладныя выданні. Мы дакладна ведаем, якая кніга мусіць з’явіцца на вашай паліцы.

Лого на обложку

Выйшаў пяты паэтычны зборнік Вольгі Гапеевай — адной з самых адметных сучасных беларускіх паэтак, творы якой перакладзеныя ўжо больш чым на 10 моў свету. Як і чакалася, у кнізе «Граматыка снегу» шмат жаночай барацьбы і яшчэ больш дасканалых паэтычных перамог. Гэта тая самая паэзія, што вызваляе думкі з палону шаблонаў і дапамагае ў справе самапазнання.

граматыка снегу - вокладка 120х202х6

Граматыка снегу / Вольга Гапеева. — Галіяфы : Мінск, 2017. — 68 с.

На вокладцы кнігі — фрагмент інсталяцыі «Я яе не ведаю» мастачкі з Чарнагорыі Мільяны Ісціянавіч. Стваралася інсталяцыя ў Мінску падчас выставы «Фемінісцкая арт-крытыка» ў 2014 годзе. У ёй мастачка працуе з вядомай ідэяй мастацтвазнаўцы Джона Бергера, паводле якой для жанчыны амаль немагчыма стаць аголенай, стаць проста сабой, бо, зняўшы вопратку, яна працягвае адчуваць мужчынскі погляд на сваім целе. Гэты погляд ніколі не дасць ёй адчуць сябе свабоднай і па-сапраўднаму аголенай. Паміж гіпсавымі фрагментамі жаночых целаў напісаны верш Вольгі Гапеевай, у якім разважаецца пра адзіноту цела ў сучасным грамадстве. Гіпсавыя твары і ногі — тое, што можа быць у жанчыны «сапраўды аголеным» — дарэчы, злепкі з фігуры Гапеевай.

У кнізе шмат вершаў, дзе абыгрываецца граматыка мовы з яе «нечалавечай» дакладнасцю, з сакральнасцю словаў і нестабільнасцю сэнсаў, а таксама вершаў, прасякнутых сімвалічнасцю снегу, —  адсюль назва зборніка. Сама кніга вельмі тактыльная, прыемная навобмацак, яе хочацца трымаць у далонях, але, у адрозненне ад снегу, яна не растае.

Аўтарка

Вольга Гапеева вядзе «дваістае» жыццё. Для студэнтаў некалькіх універсітэтаў яна  дацэнтка, кандыдатка навук, якая паспяхова займаецца грунтоўнымі акадэмічнымі даследаваннямі філасофіі мовы, лінгвістыкі и гендарнай тэмы. Валодаючы некалькімі замежнымі мовамі (англійская, нямецкая, кітайская, японская, латышская), яна перакладае творы замежных паэтаў і празаікаў… А ў паралельным жыцці Гапеева — арыгінальная паэтка, аўтарка аўдыёвізуальных перформансаў у супрацы з электроннымі музыкамі, чаканая госця міжнародных літаратурных фестываляў. У 2015 годзе першую і пакуль адзіную дзіцячую кнігу Вольгі Гапеевай «Сумны суп» назвалі «Кнігай года» (прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра).

(с) Тарас Пашчанка

Для каго

Для моцных людзей — такіх, як сама Гапеева. Дадаем колькі тэкстаў паэткі, каб вы самі здолелі пераканацца:

ніколі не думала што так цяжка насіць сукенку
спадніцу абцасы каралі
і не ператварыцца ў калядную елку
ці ператварыцца і не звяртаць увагі
гэта сапраўды цяжка
быць упісанай у цела
якое магчыма і не хацела
каб я ў яго была ўпісана
і менавіта так апранала
як апранаю
можа яно хацела стаць больш бачным для навакольных
і пэўна на мае кашулі вольнага крою
злуецца
а я злуюся ў адказ
забываючыся што кожная з нас
ці кожны
быў голым народжаны
ці была…
у калідоры перад люстэркам
узгадваю вачыма ўсё што з намі было
і яно
глядзіць на мяне панура
бо сёння зноў не тое я апранула

>>>>>

думаеце, мужчыны разважаюць пра глабальнае ў свеце?
пра тое што ў афрыцы галодныя дзеці?
і што планеце
пагражае знішчэнне?
аказваецца там іншае вымярэнне,
мужчына калі я распавядаю яму пра метафізіку ўлады
або фемінісцкую крытыку мовы
думае выключна пра позы
у якіх ён мог бы мяне кахаць
і позірк ягоны тады вельмі сканцэнтраваны
здаецца, ён думае пра вандроўкі намады
і намадычных суб’ектаў
ці рыхтуе свой аргумент на карысць патрыярхатнай сістэмы
укладаючы ўсё ў архетыпы і міфалагемы
і калі ўзгадаю фуко і дысцыплінаванне цела
ён запытаецца:

— а ты б хацела
каб я цябе дысцыплінаваў пугай?

ніякіх высокіх матэрый
і квадратур круга
чыстая геаметрыя размяшчэння мяне ў прасторы
механіка цел без сантыментаў і перамоваў

>>>>>

я хаджу па табе як па музеі
дзе рукамі нельга нічога чапаць
і з марозівам сюды наўрад ці прапусцяць
дый не буду я спрабаваць
у табе столькі цікавых рэчаў
і так хочацца тыркнуць туды пальцам
але думаю твае наглядчыцы супраць
і магчыма мне варта іх трошку баяцца
ты — як мора ў якім сёння
забаранілі праз шторм плаваць
і хоць вось яно (мора) пад маімі нагамі
пра яго застаецца адно — марыць
пра цябе застаецца два — думаць
і яшчэ спадзявацца што адбудзецца казка
і да тваіх экспанатаў прычэпяць цыдулку

дакраніцеся, калі ласка.

>>>>>

мне ў самоце
ёсць справа да іншых целаў
сур’ёзная важная справа
я хачу ў іх папытацца як змяшчаць сябе ў прасторы
нямога горада
куды падзець рукі, як ставіць ногі
і што рабіць з галавою
заплечнік або кішэні ратуюць часткова
пэўна тая што іх прыдумала
штось ведала пра самоту
я вельмі баюся на вуліцы
спынення ветру руху
калі ніякага дакранання апроч за дотык адзення
няма
і сцішна што не будзе ўжо ніколі
для самотнага чалавека вецер
гэта той сябра што абдымае, кудлаціць фрызуру
шапоча ў вуха нешта
пра аспарагус
і ты пачынаеш размову
з ім, а мінакам падаецца што
ў цябе гарнітура
раней бы адразу падумалі з’ехала з глузду
ўсё ж такі ёсць нейкі сэнс у тэхнічным прагрэсе
пакінуты ўсімі ў тым ліку і галубамі прыпынак трамвайны
быццам партэр з якога я назіраю за эмігранцкімі дзецьмі
і адчуваю як хочацца кідаць мяч і гуляцца ў «сіфу»
столькі руху і дотыкаў столькі да целаў іншых
было
квінтэсэнцыяй суму і гарадской самоты я назаву
кабінку ў краме, дзе мераюць рэчы
месца, якое тваё на хвіліну і на адкрытую вечнасць
дзе хаваецца боль і крыўда
і нараджаецца вера ў тое што
зараз выйду — і ўсё стане лепей, прыгажэй і прыязней
вечар стрымана паабяцае застацца побач пакуль не засну
і сыходзячы забудзецца вымкнуць святло
быццам і не было тут
нікога.

Замовіць зборнік можна тут.

Top