Персанальная выстаўка жывапісу “РЭХА ПАМЯЦІ” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Васільевіча Уродніча. Выстаўка прысвечана Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю з дня нараджэння мастака.
Выстаўка ўяўляе сабой рэтраспектыву творчасці Уладзіміра Уродніча. Прадстаўлена больш 80 жывапісных работ у жанрах тэматычнай, героіка-патрыятычнай карціны, лірычнага пейзажа, партрэта.
Апошняе дзесяцігоддзе творчасці У.Уродніча звязана з дзейнасцю студыі ваенных мастакоў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ваенная тэма знайшла сваё адлюстраванне ў работах: “На Магілёўскім напрамку”, “Час квітнення лілей”, “На маршы “Галоўнага ўдару”, “Вогненны Днепр 1941”. Гэтыя палотны вылучаюцца кантрастным вырашэннем кампазіцыйнай структуры, у іх прасочваецца ўважлівае стаўленне да малюнка, што дапамагае жывапісцу канструяваць дэталь твора, як пераканаўчы элемент мастацкай праўды.
Цэнтральнае месца на выстаўцы адведзена творам, што сталі адбіткамі памяці мастака. Гэтыя палотны адлюстроўваюць значныя падзеі ў біяграфіі аўтара, што пакінула ў сэрцы яго малая радзіма — Столеншчына, той кавалак зямлі, які ўтульна размясціўся паміж Гарынню і Прыпяццю, з яго гістарычнымі старонкамі барацьбы беларускага народа з фашызмам, са сваімі стратамі і здабыткамі. Мастак прызнаецца, што голас бацькі, загінуўшага ў 1943 годзе, ён нібыта чуе ўсё жыццё, і ідзе за ім, як за рэхам памяці.
На выстаўцы экспанніруюцца звыш шасцідзесяці краявідаў, напісаных у розных рэгіёнах Беларусі. Сярод іх вылучаюцца творы, прысвечаныя Палессю, якое было і застаецца для У.Уродніча невычэрпнай крыніцай радасці і любові да сваёй Бацькаўшчыны. У жывых апаэтызаваных пейзажах роднай вёсачкі мастак карыстаецца светлай колеравай гамай. Пражыўшы большую частку жыцця ў горадзе, аўтар застаўся ў душы хутаранінам, які ўсё ўспрымае праз акенца сваёй хаты.
Дзіцячыя ўспаміны шырока адлюстраваны ў цыкле работ “Людзі Столеншчыны”. У такіх творах як “Над ракой Вятліцай”, “На берагах Гарыні”, “Рытмы Прыпяці”, “Дарога майго юнацтва”, “У Лучках ідзе дождж”, “Тумановая раніца” адлюстраваны тыповыя сцэны сялянскага жыцця.
Уладзімір Уродніч як адзін з з арганізатараў аб’яднання “Традыцыя” у Беларускім саюзе мастакоў працягвае адстойваць у выяўленчым мастацтве прынцыпы яго фундаментальных асноў. Ён схіляецца да пошуку вобразнай ацэнкі месца нашага сучасніка ў звязцы яго з гістарычнай мінуўшчынай, тым самым робячы свой унёсак у развіццё незалежнай Беларусі.