Меню

Новости

Чытво для беларусікаў

Лепшая дзіцячая кніга мінулага года

Учора ў культ.цэнтры КОРПУС абвясцілі вынікі Прэміі Цёткі за 2016 год. 

У абедзвюх намінацыях перамагла адна і тая ж кніга. «Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка 1. Ад Рагнеды да Касцюшкі» аўтара Уладзіміра Арлова прызнана найлепшым творам для дзяцей і падлеткаў, а ілюстрацыі да яе ў выкананні Паўла Татарнікава — найлепшым мастацкім афармленнем дзіцячай кнігі. У якасці грашовай узнагароды і пісьменнік, і мастак атрымалі па 2000 $.

«Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка 1. Ад Рагнеды да Касцюшкі» звяртаецца да мінулага Беларусі і пры гэтым адрасуецца менавіта юным чытачам. Кніга апавядае пра значныя падзеі і асобы беларускай гісторыі, ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Выданне зацікавіць не толькі дзяцей дый падлеткаў, з’яўляючыся альтэрнатывай стандартным школьным параграфам, але і дарослых, у якіх ёсць жаданне за даволі кароткі час асвяжыць свае гістарычныя веды. Набыць кнігу года можна як у крамах, так і ў інтэрнэце. Каштуе яна, дарэчы, каля 48 рублёў.

«Падобныя прэміі робяць літаратурны працэс больш цікавым, прыводзяць у яго новых аўтараў, мяркуе Уладзімір Арлоў. Мы не чакалі такога поспеху нашай кнігі: за два тыдні толькі ў Менску быў прададзены першы трохтысячны тыраж выдання. Зараз ужо разумеем, што прычына такой папулярнасці кнігі крыецца не столькі ў плёне нашай працы, сколькі ў зменах, якія адбываюцца ў грамадстве. Гісторыя пачынае вабіць да сябе ўсё большую колькасць чытачоў».

photo

Паэтка, перакладчыца, член журы прэміі Вера Бурлак (Жыбуль) звярнула ўвагу на тэматычную блізкасць многіх выданняў і адзначыла, што сёння ў трэндзе дзіцячай літаратуры не толькі гістарычная тэматыка, але і жывёльная, сярод пісьменнікаў таксама папулярныя сюжэты, што разварочваюцца вакол дзіцячых вакацый.

У доўгі спіс Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі 38 аўтараў і 22 мастакі. Журы прэміі таксама вылучыла лепшыя працы ў абедзвюх намінацыях за мінулы год. Што гэта за кнігі, можна даведацца на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра.

Прэмія Цёткі была заснавана ў 2016 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў, дабрачынным фондам «Вяртанне» і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Тады ў абедзвюх намінацыях таксама перамагла адна і тая ж кніга — «Сем ружаў» (аўтар Надзея Ясмінска, мастак Кацярына Дубовік). Нагадаем, што пераможцаў вылучаюць члены журы ў выніку абмеркавання кніг-намінантаў. Сёлета ў склад журы ўвайшлі: Пятро Васючэнка, Вера Бурлак, Вольга Гапеева, Вольга Мазурава, Васіліса Паляніна, Валерый Славук, Андрэй Хадановіч, Тамара Шэлест.

Top