У чацвер, 27 красавіка, а 19:00 вас запрашаюць у культ.цэнтр «КОРПУС» на другі веснавы івэнт у межах 34 MediaDays — серыі ток-шоу, прысвечаных беларускім анлайн-медыя і іх узаемаадносінам з грамадзянскай супольнасцю. Тэма падзеі — «Рэпрэзентацыя жанчыны ў рэкламе і медыя».
Кожны дзень мы ўключаны ў працэсы спажывання візуальнай інфармацыі ў горадзе і анлайне: іміджавыя ролікі пра Беларусь, гарадскія медыя, тэлебачанне, рэклама казіно ў нацыянальным аэрапорце і на першых старонках друкаваных часопісаў. Мова рэкламы і медыя з усіх магчымых носьбітаў падказвае, якiя вобразы ды ролі вітаюцца ў грамадстве і якой наогул жанчына павінна паказвацца на людзях.
Гучная гісторыя вакол рэкламнай кампаніі Mark Formelle ускалыхнула медыйную прастору і някепска падняла рэйтынг самога вытворцы. Аднак рэклама бялізны — не адзіны прыклад спрэчнай візуальнай рэпрэзентацыі жанчын у афлайн- і анлайн-прасторы. Успомнім рэкламныя кампаніі хрэну ABC ці інтэрнэт-правайдара «Шпаркі дамавік». Іншымі словамі, рэклама і медыя накіроўваюць свой «нармалізуючы» позірк на кожнага(-ую!) з нас.
Глядзець значыць не толькі спажываць, але і фармаваць сваё ўяўленне пра навакольны свет. Якія вобразы жанчын дамінуюць у беларускай рэкламе і медыя? Як яны ўплываюць на грамадскую думку і стасункі? Як ствараць альтэрнатыўныя рэпрэзентацыі і прасоўваць іх у медыйнай прасторы?
Госці падзеі — прадстаўніцы беларускіх медыя і грамадскіх ініцыятыў: «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы», Lady.TUT.by, MAKEOUT ды іншыя. Фармат прадугледжвае сесію пытанняў з залы. Уваход — вольны.