Меню

Новости

Беларуская Прага

Фотавыстава

19 красавіка а 18-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — адкрыццё новай выставы Юліі Мацкевіч «Беларуская Прага».

12193526_966351803425381_1489548392939306721_n
Юлія Мацкевіч — беларускі фатограф, аўтарка шэрагу персанальных выставаў, удзельніца міжнарождных фотапраектаў.

На выстаўцы прадстаўлены работы Юліі, якія яна зрабіла летам-2016 у сталіцы Чэхіі. Фотаздымкі прысвечаны выбітным беларусам, якія ў розныя часы жылі і працавалі ў Празе. Выстаўка раскрывае прыгажосць чэшскай сталіцы і паэтыку месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых суайчыннікаў.

Бясспрэчна, самым вядомым беларусам у Празе быў знакаміты палачанін, першадрукар, філосаф-гуманіст, вучоны-медык Францыск Скарына. Яму, пражскаму каралеўскаму садоўніку і ўсходнеславянскаму першадрукару прысвечана цэлая фотаграфічная гісторыя. Памяць Скарыны асабліва ўшаноўваецца ў Празе, дзе 6 жніўня 1517 года выйшла яго першая друкаваная кніга — Псалтыр.

«Беларуская Прага» — праект, які з’яўляецца напамінам пра традыцыйны саюз паміж горадам і чалавекам, Прагай і беларусамі.

У аб’ектыў фатографа трапілі дамы, дзе жылі выдатныя дзеячы беларускай культуры: оперны спявак Мiхась Iванавiч Забэйда-Сумiцкi, паэтэса Ларыса Геніюш, пісьменнік Васіль Быкаў.

У Празе ёсць больш за дваццаць гістарычных мясцін, звязаных з падзеямі, якія аб’ядналі беларусаў і чэхаў яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага. Так, асобныя часткі Пражскага граду пабудаваны чэшскімі каралямі з дынастыі Ягелонаў. Уладыслаў ІІ, сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра IV, быў каралём чэшскім у 1471–1516 гг.

Без имени-1

Фэйсбук Юліі Мацкевіч

На здымках адзначана месца, на якім у XV–XVI стст. стаяў так званы «Літоўскі калегіюм». Існаваў ён пры Пражскім універсітэце і быў зафундаваны польскай каралевай Ядзвігай у 1397 годзе для студэнтаў з Вялікага княства Літоўскага.

У аб’ектыве фатографа — дом, дзе была абвешчана незалежнасць Чэхаславакіі ў 1918 г, а ў 1921 прайшла Першая ўсебеларуская канферэнцыя — з’езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі.

Выстава працуе да 10 траўня 2017 года.  Адрас: пл. Свабоды, 15, даведкі: (017) 321-24-30.

Top