Меню

Новости

Палескія рабінзоны

Музей кіно працягвае паказы класікі нямога беларускага кінематографа: у нядзелю, 23 красавіка, а 18:00 гледачам пакажуць «Палескіх рабінзонаў» 1934 года ў агучцы «Фантастычных плыўцаў».

Прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» карысталася папулярнасцю і ў 30-я гады, калі толькі выйшла, і ў пасляваенныя часы. Яе чыталі на хвалі беларускага адраджэння, сённяшнія школьнікі таксама ацэньваюць неўміручую аўтарскую прагу да вандровак і вынаходніцтваў. Таму нічога дзіўнага, што «Рабінзонаў» неаднаразова экранізавалі, а ўпершыню — усяго толькі праз чатыры гады пасля выхаду кнігі.

Музычны гурт «Фантастычныя плыўцы» спецыялізуецца на імправізацыі з выкарыстаннем пераважна акустычных інструментаў (фартэпіяна, саксафон, кантрабас, перкусія). У складзе задзейнічаны вядомыя на альтэрнатыўнай сцэне музыкі: Эрык Арлоў-Шымкус, Фрыдрых Самотны, Дзяніс Кудраўцаў, Васіль Панкратаў.

Без имени-1

Бэнд існуе з 2005 года, запісаў каля дзясятка альбомаў — як студыйных, так і канцэртовых. У межах фестывалю «Кінемо» ён агучыў нямы фільм Sur un Air de Charleston (1927), а на замову лэйблу Mahorka (Балгарыя) стварыў уласны трыб’ют Pink Floyd. Гукасэсія для апошняга альбома Concerto Grosso #7 адбылася акурат у галерэі Саюзу беларускіх дызайнераў з удзелам брытанскага саксафаніста Філа Пальмэра.

Для агучвання фільму «Палескія Рабінзоны» склад «Фантастычных Плыўцоў» пашыраць капэлай «На Таку»: танальныя пасажы і экспрэсіўная какафонія будуць перамяжацца з аўтэнтычнымі палескімі песнямі ды танцамі. Увогуле жывы саўндтрэк мусіць плаўна перацекчы ў агульную танцавальную імпрэзу.

Кошт квітка 5 рублёў, а даведкі па тэлефонах: (017) 327-10-75, (029) 627-10-75.

Top